«Двойчы атрымлівала па «шапцы», калі працавала да 8-9 вечара». Пра што марыць беларуска ў Швецыі

Беларуска Надзея — праграмістка гульнявой індустрыі. Досведу працы ў яе 11 гадоў, чатыры з іх дзяўчына жыве ў Швецыі. Ёй падабаецца шведскі рытм жыцця, спартовыя звычкі і гастранамічныя традыцыі. Яе гісторыю расказвае EX-PRESS.BY. 

22.10.2024 / 12:47

Мальмё, горад, дзе жыве беларуска. Фота з архіва гераіні

«Мне прапанавалі працу ў Швецыі»

Гераіня распавядае, як трапіла ў скандынаўскую краіну:

— Мяне занесла банальна і проста. У 2020 годзе я не хацела абмяжоўвацца толькі Беларуссю. Я дасягнула столі, і каб былі новыя выклікі, трэба было ехаць кудысьці. Плюс дома было страшна. Хацелася чагосьці больш стабільнага.

Надзея апынулася ў Мальмё. У параўнанні са Стакгольмам, які лічыцца вельмі дарагім, у яе горадзе танней каштуе нават жытло:

— Мальмё таксама дастаткова дарагі. Праз праліў — Капенгаген. Таму шмат датчан ездзяць на працу. Цягнік займае ўсяго 40 хвілін.

Пра кошты дадае:

— У новым раёне Мальмё двушка — каля 1000€, трошка — каля 1200€. Самае таннае ў далёкім раёне — 600-700€. Пакой яшчэ танней.

Увогуле рынак жытла, па яе словах, тут дзіўны:

— Ёсць два тыпы арэнды: можаш здымаць кватэру напрамую ў забудоўшчыка або ў чалавека, які валодае ёй ці здымае. Другі варыянт атрымліваецца даражэй. Але пры гэтым не трэба чакаць у чэргах і не пытаюць дакументы аб заробку. У першым варыянце трэба плаціць 30€ на год і чакаць чаргу на прагляд.

Надзея ўздыхае:

— У Швецыі мы паўсюль стаім у чэргах. Падацца на ВНЖ (від на жыхарства) — чарга, трапіць да лекара — чэргі, чэргі. Галоўнае, што трэба мець, — гэта шмат цярпення.

«Сяброў шукаць немагчыма цяжка»

Па словах гераіні, тут няма кам'юніці:

— У Польшчы ёсць шмат беларусаў, у Скандынавіі няма. Ёсць трошку, але кам'юніці сямейнацэнтрычнае і ў сталіцы. У маім горадзе амаль нікога няма. Гэтага не хапае.

Пытанне адаптацыі таксама цяжкае:

— Шведы не дапускаюць да сябе блізка. Я змірылася, што ў мяне не будзе шведскіх сяброў. Кола сяброў фармуецца, калі яны вучацца ў школе ці ва ўніверсітэце. Пры гэтым яны ветлівыя, але нам сяброў шукаць немагчыма цяжка. За гэтыя чатыры гады ў мяне толькі двое знайшлося, і тыя не шведы. Больш, чым нуль.

«Лістапад і снежань — няма сонейка»

Беларуска кажа, што вельмі цяжка прызвычаіцца да надвор'я:

— На поўдні не так халодна, як на астатняй частцы краіны, але ўзімку немагчыма: сонца падымаецца а 9 раніцы, а 15-й ідзе на захад. Гэта вельмі цяжка. І так да сакавіка. Лістапад і снежань — няма сонейка. Хмарнасць, дождж. Гэты час трэба перажыць.

Шведы кажуць, што калі ёсць сонца, трэба быць на вуліцы. Надзея з мужам таксама застаецца ўлетку ў Швецыі:

— Шведы звычайна бяруць адпачынак у канцы чэрвеня — пачатку жніўня. Людзі масава выходзяць у адпачынак. Кавярні могуць зачыніцца, бо людзям трэба ехаць у адпачынак. Мы застаемся, бо тут цёпла і добра. Жыву побач з морам. Навошта мне ехаць у Гішпанію ці Харватыю за морам і сонцам. Тут ёсць невялікае, але мора, халоднае, але я звыклася ўжо.

Па словах дзяўчыны, вясна і лета тут — вельмі прыгожы час:

— Сонейка цудоўнае. Надвор'е, як трэба. Не супер халоднае і не супер гарачае. У нас сёлета было +22-23. Пад 30 градусаў было тыдзень усяго. Камфортна.

Швецыю яна называе краінай дзяцей і сталых людзей, бо тут вельмі шмат зроблена для гэтых катэгорый:

— Танныя садкі і школы дзяржаўныя. Субсідыі ёсць на прыватныя. Стаматалогія бясплатная да 21 года. Для сям'і гэта вельмі крута. Дзіцячыя пляцоўкі ёсць нават у невялікіх гандлёвых цэнтрах. Ва ўсіх музеях, дзе я была, ёсць дзіцячы пакой. Шмат зроблена для іх, але пры гэтым дзеці — не цэнтр жыцця. Дзеці адаптуюцца пад тое, што падабаецца бацькам.

Шведскія святы: мідсомар, вальборг (Вальпургіева ноч), люсія (хор у белым спявае) і шведскі выпускны на лодках. Фота з архіва гераіні

«Бюракратыя вельмі марудная»

Сярод праблемных пытанняў беларуска называе бюракратыю і дадае, што пытанні вырашаюцца вельмі марудна:

— Гэта самае цяжкае. Міграцыйнае агенцтва тут на сваёй хвалі. Дастаткова часта нейкія законы прымаюцца ў парламенце. Парламент агалошвае, якія краіны добрыя і нядобрыя. Міграцыйка не сочыць за гэтым, а жыццё эмігранта залежыць ад працаўніка гэтай службы.

Надзя нагадвае гісторыю, калі чалавека, які шукаў прытулку, дэпартавалі ў Беларусь:

— Гэта было пасля таго, як у лютым 2024 года была прынята рэзалюцыя, што Беларусь — небяспечная краіна. Але гэта не было перашкодай яго выслаць. Гэта страшна.

Беларуска кажа, што ў яе зараз працоўны ДНЖ, ён даецца на 2 гады:

— Калі ты атрымліваеш працу, выпрабавальны перыяд даецца на 6 месяцаў. Пасля калі ўсё добра, даюць ДНЖ на два гады. Тут ён як працоўная віза. Калі змяніў працу, трэба змяняць і ДНЖ.

Пасля двух ДНЖ можна падавацца на сталы побыт:

— На грамадзянства можна падавацца пасля 5 гадоў, калі ёсць сталы побыт, сталы ДНЖ і няма ніякіх крымінальных абвестак у Швецыі і запазычанасцяў, калі ў цябе ёсць праца, і можаш сябе забяспечыць.

«Я адчуваю сябе бяспечна»

— Я разумею, што калі глядзець навіны, Швецыя не самая бяспечная. Але тут у цэлым спакойна. Ёсць праблемы з бандамі, гвалтам, але бачу, што з гэтым працуюць. Калі мы пераязджалі, пыталіся ў мясцовых, у якім раёне жыць. Адказвалі так: калі ты не займаешся крыміналам, любы раён добры.

Дзяўчына адчувае сябе бяспечна:

— Хадзіць ноччу па вуліцы бяспечна. Няма страху.

Шведы жывуць так, каб усяго было ў меру:

— Людзі не перапрацоўваюць, людзі спакойна ставяцца, што а 17:30 на працы амаль нікога няма.

Сконэ, рэгіён у Швецыі. Фота з архіва гераіні

Двойчы беларуска атрымлівала па «шапцы», калі працавала да 8-9 вечара:

— У гэты час ты павінна быць з сям'ёй. Гэты рытм жыцця дае адчуванне стабільнасці, ты не перагружаеш сябе працай. Калі стрэсова неяк, кажаш, і да цябе пойдуць насустрач. Гэта так крута. Я вельмі задаволена месцам працы, і як тут працуе гэта культура.

«Шведы жывуць ад булкі да булкі»

У Швецыі шмат мясцовых святаў. Шмат святаў ежы. Асобнае свята — мусіць быць асобная ежа:

— На Раство спецыяльны набор страў, плюс мусяць быць фрыкадэлькі і спецыяльная вяндліна. У Польшчы на тлусты чацвер ядуць пончыкі, а ў нас — булкі.

Дзяўчына ўсміхаецца, што шведы жывуць ад булкі да булкі:

— 4 кастрычніка быў дзень булкі з карыцай. Ён скончыўся. Потым будзе Раство, а пад яго робяць булкі з шафранам. Гэта дробязь, але такая прыемная.

«Жартуем, што тут такая медыцына, што лепей не хварэць»

Па словах беларускі, у Швецыі ўсе на спорце:

— Мы смяёмся, што тут такая медыцына, што лепей не хварэць. Фітнес — гэта адзіная рэч, якая працуе 24/7. Ты не можаш гэтага пазбягаць, калі ўсё навокал гэта робяць. Кожны трэці бегае. У зал ходзім рэгулярна. Плюс тут шмат паркаў з трэйламі, шмат залаў.

Кожныя выходныя сям’я кудысьці ездзіць ці ходзіць:

— У Швецыі ёсць правіла, што ў кожнага павінен быць доступ да прыроды. Нават калі гэта нейкая прыватная зямля. У нашым раёне ёсць сцежкі, якія ідуць уздоўж узбярэжжа. Ты прыязджаеш у любую кропку, бачыш адзнакі і ідзеш. Часта праз палі, бачыш кароў. Гэта прыватная зямля, але і публічная таксама.

Шмат часу трэба на тое, каб адаптавацца да медыцыны:

— Калі ў цябе нейкая спецыфічнае праблема, часам атрымаць лячэнне няпроста. Я не магу выбраць спецыяліста ў прыватным цэнтры і пайсці да яго. Тут да спецыяліста накіроўвае генеральны лекар.

Сярод праблем у медыцыне беларуска называе чэргі:

— Самае цяжкае, што да спецыялістаў цяжка трапіць, але прыемна, што медыцына бясплатная пасля 8 візітаў. Кожны візіт каштуе 20€. Але калі дасягаеш ліміт 160€, астатнія будуць бясплатныя. Рэнтгены і аналізы па назначэнні — таксама бясплатныя.

Суразмоўца дадае, што калі чалавек хоча здаць аналізы, таму што яму проста цікава, будзе каштаваць дорага:

— Напрыклад, візіт да гінеколага каштуе 200€. А па накіраванні — 20€. Я чакала выклік да гінеколага 9 месяцаў.

Шведы даволі сур'ёзна ставяцца да мянтальных хвароб. Даволі лёгка атрымаць антыдэпрэсанты ці накіраванне, каб праверылі на аўтызм. Толькі тут Надзея зразумела, як гэта важна.

«Краіна робіць усё, каб ты вывучаў мову»

Наша гераіня сцвярджае, што краіна робіць усё, каб людзі вывучалі шведскую мову:

— Тут ёсць бясплатныя моўныя курсы: ад базавага ўзроўню і да ўніверсітэцкага. Ёсць шмат аплікацый для вывучэння мовы. Ёсць спрошчаная мова. Ёсць радыё, якое выпускае навіны на спрошчанай мове. Гэта бясплатна. Дзяржава шмат робіць, каб ты вывучыў мову. Але тут таксама 100 гадоў вывучаюць ангельскую мову, таму і любая бабулька яе ведае.

Вельмі шмат чаго новага гераіня адкрыла ў плане адносін:

— Усе розныя навокал. Гэта вельмі вучыць талерантнасці. Ты прызвычаішся да розных людзей. Вучышся чуць і жыць побач з імі. Я люблю месца, дзе жыву зараз. Я ніколі не была да гэтага ў Швецыі. Толькі дрэннае чула пра краіну. А прыехала ў цудоўны ціхі гарадок — як Гародня, але жывы. Столькі ўсяго можна рабіць. Калі сумна, то праз праліў — Данія і Капенгаген. Я кайфанула, што я тут. На маю трывожную душу як мёдам памазалі.

Напрыканцы дадае:

— Горад камфортны для жыцця. І краіна вельмі камфортная для жыцця. Калі для мяне ў госці прыязджаюць, я не ведаю, што паказваць, бо тут усё прыгожа.

Nashaniva.com