Ігумення Гаўрыіла атрымала ўзнагароду за дапамогу расійскаму батальёну РЭБ, які ваюе супраць Украіны

Ігумення жаночага манастыра ў Гродне з'ездзіла ў Санкт-Пецярбург на Сусветны рускі сабор і вярнулася не з пустымі рукамі.

22.10.2024 / 14:27

Фота: obitel-grodno.by

Матушка Гаўрыіла з Гродна з'ездзіла ў Санкт-Пецярбург і паўдзельнічала ва Усерасійскім форуме Сусветнага рускага народнага сабора. Гэта арганізацыя, створаная пад эгідай РПЦ, якая займаецца ў асноўным прапагандай ідэй «рускага свету».

На гэты раз форум, які прайшоў у парламенце Пецярбурга, быў прысвечаны «фармаванню нацыянальнай ідэі суверэннай Расіі». Матушку Гаўрыілу запрасілі на секцыю «Сям'я. Грамадства. Дзяржава. Ад Малой Царквы да Вялікай краіны», дзе яна распавяла аб супрацоўніцтве БПЦ і дзяржавы ў справе прасоўвання «традыцыйных духоўных каштоўнасцяў».

У кулуарах Гаўрыіла актыўна фатаграфавалася з удзельнікамі сходу, у тым ліку з расійскімі вайскоўцамі, сярод якіх былі і ўдзельнікі агрэсіўнай вайны супраць Украіны. Здымкі ў багатай фотасправаздачы апублікаваў сайт Гродзенскага манастыра.

Фота: obitel-grodno.by

Чаго няма ў справаздачы, дык гэта паведамлення пра узнагароду, якую Гаўрыіла атрымала за дапамогу расійскім вайскоўцам на фронце. Пра узнагароджанне ігуменні расказала Вольга Бондарава. 

Гаўрыіла атрымала грамату ад расійскага войска — за «дабрачынную дапамогу, аказаную расійскім вайскоўцам батальёна РЭБ, якія выконваюць свой абавязак і абараняюць суверэнітэт і бяспеку Расіі». 

Гродзенскі манастыр удзельнікі вайны супраць Украіны дзякуюць не ўпершыню. Нараўне са Свята-Елісавецінскім манастыром манастыр у Гродне з'яўляецца адным з цэнтраў падтрымкі расійскай арміі ў БПЦ. Так, у красавіку Гродзенскі манастыр перадаў вайскоўцам прадукты, генератар і абязбольвальныя прэпараты.

«Родной во сто крат российский солдат». У нядзельнай школе ў Гродне дзеці пішуць лісты расійскім вайскоўцам

Ігумення Гаўрыіла пра тых, хто выехаў: Не пакаюцца — прамая дарога ў пекла

Фёдар Поўны абвесціў Лукашэнку прарокам, а сабе прыпісаў звышчалавечыя здольнасці

Мошчы «распятага хлопчыка», якога для антысеміцкай прапаганды выкарыстоўвалі нацысты, прывезлі ў Гомель

Nashaniva.com