Стала вядома прычына смерці мужчыны, цела якога некалькі дзён праляжала ў прыпаркаванай машыне ў Мазыры

11 верасня адна з жыхарак Мазыра паведаміла ў міліцыю, што ўжо некалькі дзён запар, выгульваючы раніцай сабаку, заўважае на заднім сядзенні прыпаркаванай машыны ляжачага мужчыну. Аказалася, што ў машыне ўвесь гэты час ляжаў труп

22.10.2024 / 15:10

Скрын відэа з месца здарэння

Медыкі канстатавалі смерць. Следчыя ўстанавілі, што мазырчук 1966 года нараджэння адсутнічаў па месцы жыхарства некалькі дзён.

З мэтай высвятлення прычыны смерці была прызначаная судовая медыцынская экспертыза. 

Судовыя эксперты ўстанавілі, што смерць наступіла 3—5 суткамі раней ад вострай сардэчнай недастатковасці, якая ўскладніла цячэнне хранічнай ішэмічнай хваробы сэрца. У мышачнай тканцы памерлага знойдзены этылавы спірт у канцэнтрацыі 0,47 праміле.

Nashaniva.com