Стала вядома, у чым могуць вінаваціць Ігара Ільяша
Пра затрыманне Ігара Ільяша паведамлялася сёння раніцай.
22.10.2024 / 17:02
Ігар Ільяш з жонкай Кацярынай Андрэевай. Фота: сацсеткі
Пазней ГУБАЗіК апублікаваў відэа з былым журналістам Ігарам Ільяшом. У відэа ён кажа, што даваў інтэрв'ю пра сваю палітзняволеную жонку медыя, якія ўлады пасля прызналі «экстрэмісцкімі фармаваннямі». А таксама, што каментаваў украінскаму журналісту пытанне пра ўдзел Беларусі ў вайне.
Імаверна, гэта ставіцца Ільяшу ў віну.
Ігар Ільяш — былы журналіст. Яго жонку Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) рэжым Лукашэнкі пакараў за стрым з мінскай «Плошчы Перамен» 15 лістапада 2020 года.
У лютым 2021 года журналістцы «Белсата» Андрэевай прысудзілі 2 гады зняволення паводле 342 артыкула «за ўдзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак», а ў 2022 годзе, ужо падчас адбыцця першага тэрміну, зноў — 8 гадоў і 3 месяцы паводле артыкула 356 аб «здрадзе дзяржаве». Сутнасць абвінавачванняў па гэтай справе дакладна невядомая дагэтуль.