Яшчэ адзін беларус, якому пагражала экстрадыцыя на радзіму, атрымаў статус уцекача ў Арменіі

22 кастрычніка Служба міграцыі і грамадзянства МУС Арменіі прыняла рашэнне аб наданні статуса ўцекача беларусу Уладзіміру Баландзіну, паведамляе «Радыё Свабода».

22.10.2024 / 22:05

Уладзімір Баландзін

36-гадовага грамадзяніна Беларусі Уладзіміра Баландзіна затрымалі на грузінска-армянскай мяжы, у кантрольна-прапускным пункце Баграташэн, і змясцілі ў турму ў Арменіі ў сакавіку 2024 года.

Як сцвярджаюць у Мінску, на радзіме Баландзіна абвінавачваюць нібыта ў растраце. Між тым адвакаты беларуса сцвярджаюць, што вытворцу мэблі Баландзіна прыцягнулі да адказнасці за ўдзел у пратэстах 2020 года супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі.

Ванадзорскі офіс Хельсінкскай грамадзянскай асамблеі больш за восем месяцаў займаўся абаронай правоў Баландзіна, каб не дапусціць ягонай экстрадыцыі ў Беларусь.

Генпракуратура Арменіі прыняла рашэньне выдаць Уладзіміра Баландзіна Беларусі 31 траўня. У армянскай пракуратуры заявілі, што беларуская Генпракуратура нібыта дала гарантыі абароны ягоных правоў і свабодаў. Рашэнне армянскай пракуратуры, якое дазволіла экстрадыцыю, аспрэчвалі ў армянскіх судах, але марна.

Уладзімер Баландзін раней падаў заяўку на атрыманне прытулку, яе паралельна разглядала Служба міграцыі і грамадзянства МУС Арменіі.

Цяпер стала вядома, што хадайніцтва беларуса задаволілі — Уладзіміру Баландзіну больш не пагражае небяспека экстрадыцыі, паколькі цяпер ён мае статус уцекача ў Арменіі, а ягоная экстрадыцыя забароненая канвенцыяй, зазначаюць праваабаронцы.

Генпракурор Швед абмеркаваў у Арменіі пытанне выдачы беларусаў па запытах рэжыму

Арменія на пасяджэнні ў Маскве адмовілася падпісваць дзве заявы ад імя СНД

Лапшын мяркуе, што ініцыятарам яго затрымання ў Арменіі стаў пасол Канюк

У Ерэване па беларускім запыце затрымлівалі блогера Александра Лапшына

Nashaniva.com