14-гадовую гродзенскую школьніцу асудзілі на 10 гадоў калоніі за адзін грам наркотыкаў

Чатырнаццацігадовую школьніцу з Гродна, якую затрымалі на закладках наркотыка, асудзілі на 10 гадоў калоніі, паведамляе «Беларусь 4». Займалася школьніца гэтым, адзначаецца ў сюжэце, нядоўга.

23.10.2024 / 07:45

Паводле памочніцы пракурора Дар’і Пачобут, школьніца «ў складзе арганізаванай групы ажыццяўляла незаконны абарот асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва 4-СМС вагой каля аднаго грама».

Памочніца пракурора дадала, што школьніца займалася распаўсюдам наркотыкаў «на працягу кароткага часу», больш канкрэтна яна не ўдакладніла.

Суд прызначыў школьніцы 10 гадоў пазбаўлення волі ў выхаваўчай калоніі, прызнаўшы яе вінаватай паводле ч. 4 арт. 328 Крымінальнага кодэксу (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў, учынены арганізаванай групай).

Паводле начальніцы інспекцыі па справах непаўналетніх Кастрычніцкага РАУС Гродна Дыяны Алешчык, падлеткі знаходзілі аб’явы пра нелегальны заробак у сеціве. З імі звязваўся куратар і казаў расфасоўваць і даручаў распаўсюджваць наркотыкі, робячы закладкі.

Усе падлеткі з паспяховых сем’яў, самі наркотыкі не ўжывалі, у поле зроку міліцыі раней не траплялі, дадае Алешчык.

Колькасць затрыманых падлеткаў яна не назвала, але адзначыла, што ўсім ім пагражаюць тэрміны ад 10 гадоў заняволення.

Крымінальная адказнасць у Беларусі надыходзіць з 16 гадоў, але за шэраг цяжкіх злачынстваў, у тым ліку за наркотыкі, падлеткаў могуць прыцягнуць да адказнасці з 14 гадоў.

Nashaniva.com