У Беларусь трэці раз за год прыляцеў міністр абароны РФ
У Мінску пройдзе пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
23.10.2024 / 09:30
Андрэй Белавусаў прыляцеў у Беларусь, 24 мая 2024 года
Па даных канала «МотолькоПомоги», на аэрадром «Мачулішчы» ранкам 23 кастрычніка прыляцеў борт Ту-214ПУ-СБУС ПКС Расіі з рэгістрацыйным нумарам RA-64530. На гэтым самалёце ў Мінск прыбыў міністр абароны РФ Андрэй Белавусаў.
Паводле канала, палёт міністра абароны РФ у паветранай прасторы Беларусі суправаджаўся дзяжурнымі знішчальнікамі.
У першы раз Белавусаў быў у Мінску 24 мая, і затым ён зноў прылятаў у Мінск 2 ліпеня, дадае канал.
У Мінску пройдзе пасяджэнне сумеснай калегіі міністэрстваў абароны Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі.
«У ходзе пасяджэння калегіі неабходна будзе абмяняцца думкамі і прыняць рашэнні па важных пытаннях сумеснай абароннай палітыкі, пашырэнні вайсковага супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі на карысць забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе Мінабароны Беларусі.
Генштабы Узброеных Сіл Беларусі і Расіі распачалі падрыхтоўку вучэнняў «Захад-2025». Пра гэта заявіў міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін на пасяджэнні сумеснай Калегіі міністэрстваў абароны Беларусі і Расіі, перадае БЕЛТА. Раней на аналагічных вучэннях адпрацоўваліся планы ўварвання ў Польшчу і Літву, а ў 2022 годзе пад прыкрыццём вучэнняў расійскія войскі сканцэнтраваліся на тэрыторыі Беларусі для нападу на Украіну.
{POLL#1250}