Сілавікі са зброяй жорстка затрымалі вяскоўца з Магілёўшчыны

Сілавікі затрымалі жыхара вёскі Лыкава ў Магілёўскім раёне з-за рэпостаў і лайкаў у «Аднакласніках». Відэа з жорсткім затрыманнем мужчыны апублікаваў праўладны канал. 

23.10.2024 / 10:14

Затрыманага завуць Аляксандр Лапачэнка, яму 42 гады, даведалася «Медыязона». 

У роліку сілавікоў спачатку паказана затрыманне Аляксандра. З мікрааўтобуса выскокваюць двое супрацоўнікаў АМАПа, яны са зброяй, у бронекамізэльках і шлемах, кідаюць мужчыну тварам у зямлю і пытаюцца, ці ведае ён, за што затрыманы. Аляксандр гаворыць, што не ведае. Адзін з міліцыянтаў адказвае яму: «Вы затрыманыя за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў, віншую вас».

Далей адзін з міліцыянтаў пытаецца: «Як затрымалі вас, прыгожа»? Аляксандр адказвае: «Вельмі».

Па якіх менавіта артыкулах затрыманы Аляксандр Лапачэнка — невядома, сілавікі пішуць, што ён «зарабіў адміністрацыйныя пратаколы і крымінальную справу».

Nashaniva.com