Кантрабандыстам Кабарчукам прысудзілі па 20 гадоў зняволення

У Гомельскім абласным судзе абвясцілі прысуд бацьку і сыну Сяргею і Паўлу Кабарчукам, затрыманым у лютым у Лельчыцкім раёне нібыта падчас перапраўкі на тэрыторыю Беларусі выбуховых рэчываў, паведамляе БелТА.

23.10.2024 / 16:07

Сяргей і Павел Кабарчукі адразу пасля затрымання

Раней паведамлялася, што Сяргей і Павел Кабарчукі былі затрыманыя ў ноч на 15 лютага на ўкраінска-беларускай мяжы падчас адмысловай аперацыі.

Тады ў Лельчыцкім раёне быў абʼяўлены рэжым «контртэрарыстычнай аперацыі». Пазней КДБ адчыталася пра затрыманне «тэрарыстаў», нібыта адпраўленых СБУ праводзіць тэракты ў Беларусі і РФ. Прапагандысты тады назвалі імёны трох затрыманых: украінцы Сяргей Кабарчук, Павел Кабарчук і жыхар Брэста Віталь Уласюк.

Украінцам Кабарчукам у выніку інкрымінаваныя ч. 3 арт. 289 КК (акт тэрарызму), ч. 4 арт. 295 КК (незаконныя дзеянні ў дачыненні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў), арт. 358-1 КК (агентурная дзейнасць), ч. 3 арт. 333-1 КК (незаконнае перамяшчэнне праз мяжу атрутных рэчываў, агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў, выбуховых рэчываў).

Сяргей Кабарчук падчас суда

Сяргей Кабарчук 1963 года нараджэння, ён родам з Ковельскага раёна Валынскай вобласці. Раней быў супрацоўнікам дзяржаўнай пагранслужбы Украіны, аднак пасля пасля звальнення разам з сынамі Багданам 1997 года нараджэння і Паўлам 1993 года нараджэння займаўся кантрабандай.

Павел Кабарчук падчас суда

Суд над Кабарчукамі праходзіў у закрытым фармаце, сёння ў Гомельскім абласным судзе ім абвясцілі прысуд: па 20 гадоў пазбаўлення волі з адбываннем у папраўчай калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, а таксама штрафу ў памеры 700 базавых велічынь кожнаму.

Віталя Уласюка будуць судзіць асобна і паводле больш мяккага артыкула. 29 кастрычніка суддзя Ленінскага раёна Брэста Дзмітрый Куроўскі пачне разглядаць крымінальную справу па ч. 3 арт. 228 (кантрабанда). Сярод абвінавачаных там значыцца Віталь Дзмітрыевіч Уласюк.

Затрыманага ў Лельчыцкім раёне «дыверсанта» будуць судзіць па нечаканым артыкуле

У Гомелі хутка пачнуць судзіць «дыверсантаў СБУ», якіх затрымалі зімой

Чаму афіцыйная версія затрымання «дыверсантаў СБУ» выглядае непраўдзіва. Важныя падрабязнасці

На ТБ паказалі допыт «дыверсантаў» і намякнулі, што іх мэтай была правакацыя ў Расіі

КДБ назваў імёны затрыманых на мяжы з Украінай

Nashaniva.com