У Бабруйску хакер заблакаваў бухгалтэрыю дзяржарганізацыі і запатрабаваў выкуп
Грошы чыноўнікі пераводзіць не сталі і выклікалі міліцыю.
23.10.2024 / 17:33
Невядомы хакер узламаў сістэму Цэнтра забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый Бабруйска і заблакаваў бухгалтарскія файлы.
Узлом выявіў галоўны бухгалтар дзяржарганізацыі, калі прыйшоў на працу раніцай 14 кастрычніка і не змог запусціць працоўны софт. На сервер Цэнтра прыйшоў ліст ад узломшчыка: за дэшыфроўку і аднаўленне працы сервера ён запатрабаваў 2 тысячы даляраў. Грошы прапанаваў перавесці на крыптакашалёк.
Адміністрацыя Цэнтра не стала пераводзіць грошы і выклікала сілавікоў. Аператыўнікі агледзелі камп'ютары, канфіскавалі перапіску прадпрыемства, нарматыўныя дакументы па інфармацыйнай бяспецы.
Бабруйскім міжраённым аддзелам Следчага камітэта заведзеная крымінальная справа па ч. 1 арт. 208 (вымагальніцтва) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Сілавікі спрабуюць высветліць асобу хакера.