Камандзір «Ахмата»: расійскія вайскоўцы здзейснілі 187 злачынстваў у Курскай вобласці, у тым ліку забойствы і згвалтаванні
Апці Алаўдзінаў, вырашыўшы ў чарговы раз пахваліць чачэнскае падраздзяленне, падсвятліў тэму, якую расійскія ўлады не афішуюць.
23.10.2024 / 22:28
Апці Алаўдзінаў. Скрыншот відэа
Камандзір спецназа «Ахмат» Апці Алаўдзінаў заявіў, што расійскія вайскоўцы здзейснілі 187 злачынстваў у Курскай вобласці.
Пра гэта намеснік начальніка галоўнага вайскова-палітычнага ўпраўлення Мінабароны расказаў у інтэрв'ю Z-ваенкару Максіму Калашнікаву, заўважыла «Агентство».
Праваенны блогер спытаў у Алаўдзінава, ці даходзілі да яго чуткі пра «непрыстойныя паводзіны» байцоў «Ахмата» ў тыле.
«Я знаходжуся цяпер на курскім кірунку. Я адразу ж схадзіў да начальніка УМУС Курскай вобласці [Віктару Косараву] і задаў яму ў лоб пытанне: «Якія ў вас праблемы з «Ахматам»? — як толькі я сюды зайшоў. Ён усміхнуўся і сказаў: «У нас на тэрыторыі здзейснена 187 злачынстваў вайскоўцамі. Гэта забойствы, згвалтаванні, іншае, іншае», — сказаў Алаўдзінаў.
Пры гэтым ён заявіў, што байцы «Ахмата» нібыта не былі замяшаныя ні ў адным з гэтых злачынстваў.
Алаудзінаў не ўдакладніў, за які перыяд былі здзейсненыя гэтыя злачынствы. Паведамлялася, што «Ахмат» прыбыў у Курскую вобласць 8 жніўня.
Расійскія ўлады пра злачынствы, учыненыя расійскімі вайскоўцамі ў Курскай вобласці, не паведамлялі, маўчаць і афіцыйныя СМІ. Пра злачынствы становіцца вядома дзякуючы публікаваным у тэлеграм-каналах відэа з камер назірання. У прыватнасці былі апублікаваныя кадры некалькіх рабаванняў крам, як мінімум у адным такім злачынстве ўдзельнічаў вайсковец з Чачні.