Што ў беларускай эканоміцы добра, а што можа выбухнуць? Адказвае эканаміст

Падчас свайго выступлення на пасяджэнні ў парламенце першы намеснік прэм'ер-міністра Мікалай Снапкоў гаварыў пра высокі эканамічны рост у Беларусі. «Наша Ніва» праверыла з эканамістам, наколькі пазітыўныя прыклады, прыведзеныя Снапковым, адпавядаюць рэчаіснасці.

25.10.2024 / 08:00

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Чым ганарыўся Снапкоў?

Вось некаторыя з асноўных тэзісаў чыноўніка:

Канечне, нельга сцвярджаць, што ў беларускай эканоміцы ўсё дрэнна, аднак Снапкоў прапусціў важныя фактары, адзначае эксперт BEROC Анастасія Лузгіна.

«Быў агучаны наратыў, што ў цэлым усё добра: ніякага перагрэву эканомікі няма, тэмпы росту высокія, зарплата актыўна расце, а колькасць стратных прадпрыемстваў скарачаецца.

На першы погляд, лічбы гэта пацвярджаюць, але для аб’ектыўнай ацэнкі стану эканомікі трэба ўлічваць мноства іншых фактараў. Напрыклад, колькасць стратных прадпрыемстваў сапраўды трохі скарацілася, але сума страт, наадварот, вырасла.

Таксама знізілася сярэдняя рэнтабельнасць прадпрыемстваў, што сведчыць пра зніжэнне эфектыўнасці іх працы», — тлумачыць эканамістка.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Таму, як адзначае Лузгіна, Снапкоў рабіў акцэнт на пазітыўных паказчыках, прапускаючы негатыўныя і не звяртаючы ўвагі на прычыны іх узнікнення.

Не ўсё так радасна

Яшчэ адзін прыклад, на які звяртае ўвагу экспертка, — рост заработнай платы.

«Рэальныя зарплаты сапраўды раслі, але іх рост апераджае рост прадукцыйнасці працы, і гэта ўжо ненармальна, таму што рэальныя зарплаты павінны павялічвацца прапарцыянальна росту прадукцыйнасці працы. У нас жа назіраецца разрыў, які ў 2024 годзе толькі ўзмацніўся», — адзначае экспертка.

Акрамя таго, гаварылася, што сярэдняя заработная плата дасягнула максімальнага ўзроўню за апошнія 10 гадоў. Гэта праўда, але з улікам узроўню інфляцыі даляра асабліва ганарыцца няма чым.

«Трэба таксама разумець, што за гэтыя 10 гадоў зарплаты раслі не толькі ў нас, але і ў іншых краінах. Напрыклад, калі параўноўваць з Польшчай ці Літвой, то наш вынік выглядае досыць сціпла».

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

Не ўсё так пазітыўна, на думку эканамісткі, і з тэмпамі росту эканомікі, якія да таго ж ужо пачалі запавольвацца.

«Тут важна разумець, што рост беларускай эканомікі ў значнай ступені падтрымліваўся за кошт актыўнага росту ў Расіі. Другі важны фактар — гэта рост на аснове нізкай базы. На 2023 і часткова 2024 гады прыйшоўся перыяд аднаўленчага росту пасля папярэдняга спаду.

Напрыклад, IT-сектар доўгі час скарачаўся, але ні адзін сектар эканомікі не можа падаць бясконца. Ён скараціўся да мінімальнага ўзроўню і, пачынаючы з гэтага нізкага ўзроўню, хутчэй за ўсё, зноў пачне паказваць пэўны рост», — тлумачыць экспертка.

Закранаючы тэму працы валютнага рынку, Лузгіна пагаджаецца, што курс беларускага рубля стабільны да кошыка валют. А ваганні нацыянальнай валюты да асобных замежных валют звязаныя цяпер са знешнімі фактарамі, а не з дысбалансамі ў нацыянальнай эканоміцы.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Снапкоў заявіў, што насельніцтва з'яўляецца чыстым прадаўцом валюты, але прамаўчаў, што прадпрыемствы, наадварот, застаюцца чыстымі пакупнікамі. З улікам таго, што сальда гандлёвага балансу Беларусі то сыходзіць у мінус, то зноў пераходзіць у плюс, рызыкі ціску на валютны рынак у выпадку паскарэння росту імпарту могуць павялічыцца».

Адначасова насельніцтва прадае валюты больш, чым купляе, і гэта адбываецца за кошт траты сваіх зберажэнняў, што не можа працягвацца бясконца.

Таксама экспертка падкрэслівае, што нізкі ўзровень інфляцыі ў Беларусі падтрымліваецца за кошт штучнага рэгулявання цэн, і ў выніку цэны ў Беларусі сапраўды ніжэйшыя, чым у Расіі, дзе шырокага рэгулявання няма.

Ілюстрацыйны здымак. Фота: «Наша Ніва»

«Можна ганарыцца высокімі тэмпамі эканамічнага росту, калі іх можна забяспечыць у доўгатэрміновым перыядзе за кошт павышэння эфектыўнасці выкарыстання наяўных рэсурсаў і прыцягнення новых.

У беларускай эканоміцы выкарыстанне наяўных рэсурсаў не заўсёды адбываецца эфектыўна, а прыцягненне новых (напрыклад, працоўных рэсурсаў, замежных інвестыцый, сучасных тэхналогій) — праблематычна.

Акрамя таго, ужо ў наступным годзе расійскі фактар ​​стане менш пазітыўным для беларускай эканомікі, паколькі ў Расіі чакаецца запаволенне эканамічнага росту. Таму імкненне дасягнуць запланаваных тэмпаў росту ВУП будзе павышаць інфляцыйныя і дэвальвацыйныя рызыкі», — лічыць эканаміст.

Снапкоў пахваліўся, што беларусы цяпер зарабляюць рэкордна шмат. Ці так гэта на самой справе?

Змены ў транспартным падатку — з'явіцца больш ільготнікаў, а заможным наадварот давядзецца раскашэліцца

Як зменяцца стаўкі адзінага падатку для ІП і самазанятых

Nashaniva.com