Буйны адукацыйны цэнтр «Лідар» ужо месяц як не працуе

Пра прыпыненне дзейнасці кампаніі даведалася «Еўрарадыё». Інфармацыю пацвердзілі ў самой кампаніі. 

24.10.2024 / 17:03

Фота: lider.by

«Адукацыйны цэнтр «Лідар» прыпыніў пакуль сваю дзейнасць, таму, на жаль, мы не можам вам прапанаваць нашы паслугі, якія былі дагэтуль», — паведамілі ў кампаніі.

Паводле слоў суразмоўцы, гэтае рашэнне прынятае «вышэйшым кіраўніцтвам», але яго прычына невядомая. Хутчэй за ўсё, цэнтр больш не адновіць сваю працу.

Праўда, у «Картатэцы» таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мая маці», пад эгідай якога дзейнічаў цэнтр, усё яшчэ пазначанае як дзейнае.

Апошні пост «Лідара» ў інстаграме датуецца 2 верасня, калі цэнтр прапаноўваў зніжкі на курсы. У жніўні таксама набіраліся групы для навучання.

Адукацыйны цэнтр «Лідар» існаваў з 1999 года і меў вучняў з 27 гарадоў Беларусі. Курсы цэнтра афіцыйна прызнавалі курсамі №1 у Беларусі ў 2015, 2016, 2017, 2018, 2019, 2020 гадах паводле вынікаў фестывалю-конкурсу «Выбар года». «Лідар» мае і шэраг іншых прэмій.

У цэнтры можна было прайсці навучанне па больш чым 230 праграмах. Згодна з законам, дзейнасць, звязаная з курсамі для дарослых, не патрабуе ліцэнзіі Міністэрства адукацыі.

Раней стала вядома, што закрываюцца знакамітыя моўныя курсы Streamline. 

Афіцыйна нічога не паведамлена, але рахункі заблакаваныя. Streamline выдаў афіцыйную заяву ў справе сваёй ліквідацыі

Што вядома пра сітуацыю са Streamline?

Курсы Streamline падалі на ліквідацыю

Nashaniva.com