«Калі трэба паехаць у Крым — паеду, але навошта?» Лукашэнка ўхіліўся ад пытання аб прызнанні акупаваных тэрыторый Украіны
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што пакуль не бачыць неабходнасці ехаць у Крым. Пры гэтым, кажучы пра супрацоўніцтва з захопленымі Расіяй тэрыторыямі, ён назваў іх усходам Украіны.
24.10.2024 / 18:47
Аляксандр Лукашэнка. Фота: Kristina Kormilitsyna, Sputnik, Kremlin Pool Photo via AP
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што можа паехаць у Крым, але пакуль такой неабходнасці няма.
Супрацоўнік «Известий» запытаў у Лукашэнкі, ці стаіць на парадку дня пытанне прызнання Мінскам акупаваных тэрыторый Украіны расійскімі, і ці гатовы той паехаць у Крым. Лукашэнка адразу стаў адказваць на другое пытанне, а ад першага пастараўся ўхіліцца.
«Ці паеду я ў Крым? Думаю, гэта пытанне ад журналістаў больш. Калі трэба паехаць — паеду. Я чалавек рашучы. Але якая неабходнасць мне сёння ці ўчора была ехаць у Крым?» — сказаў, зморшчыўшыся, Лукашэнка.
Ён паўтарыў сваю пазіцыю, якую агучваў раней.
«Дэ-факта Крым — расійскі. Дэ-юрэ — не. Таму што юрыдычныя гэтыя пытанні аднабакова ўрэгуляваныя. І міжнародная так званая супольнасць, што не хвалюе Расею, і я б так зрабіў, не прызнае Крым расійскім», — растлумачыў Лукашэнка.
Ён нагадаў, што супрацоўнічае з анексаваным Крымам, а таксама з акупаванымі Расіяй тэрыторыямі, якія ён назваў усходам Украіны.
«Мы адразу супрацоўнічаць пачалі з Крымам, супрацоўнічаем і цяпер. І з усходам Украіны супрацоўнічаем з усімі абласцямі. Дарэчы, нас кіраўніцтва Украіны і вайскоўцы папракаюць у гэтым. Кажуць, што арганізацыі, якія супрацоўнічаюць з, як яны кажуць, захопленымі абласцямі, трапяць пад санкцыі. Мы ім кажам: «Яны і так пад санкцыямі». Ужо далей няма куды трапляць.
Ну а тое, што трэба Данбасу і Крыму, калі гэта ёсць, мы гэта прадаем. Яны ж за гэта плацяць. Чаму нам не супрацоўнічаць», — дадаў Лукашэнка.
Ён чарговы раз абвінаваціў Украіну ў тым, што яна першай увяла супраць Беларусі санкцыі і заявіў, што ўкраінскае кіраўніцтва не можа яму дыктаваць, з кім супрацоўнічаць.
На заканчэнне Лукашэнка адзначыў, што «гэта пытанне пакуль адкладзенае». Што ён меў на ўвазе — пытанне паездкі ў Крым або пытанне прызнання тэрыторый, супрацоўнік «Известий» не ўдакладняў.
Лукашэнка незадаволены, што яго адправілі ў «прылазнік»
«Панёс такую лухту, што нават я здзівіўся». Кізім пракаментаваў заявы Лукашэнкі
Лукашэнка расказаў, што прадстаўнікі Захаду прыязджалі да яго пагаварыць пра Емен і Кітай