Затрымалі шматдзетнага дырэктара прыватнай кампаніі — ён падзарабляў закладчыкам

Мужчына сказаў, што яго бізнэс перастаў прыносіць даход. 

25.10.2024 / 09:19

Супрацоўнікі наркакантролю 22 кастрычніка затрымалі мінчаніна, у якога быў скрутак з забароненым рэчывам. Па каардынатах у яго мабільным тэлефоне была таксама знойдзена схованка, у якой знаходзіўся пакет з амаль 94 грамамі псіхатропнага рэчыва, піша «Мінск-Навіны».

У дачыненні да затрыманага распачалі крымінальную справу. Мужчына сказаў, што яго бізнэс у апошні час перастаў прыносіць належны прыбытак, таму ён і вырашыў палепшыць матэрыяльнае становішча праз збыт забароненых рэчываў. Потым мінчанін заявіў, што хацеў падмануць наркашоп і забраць псіхатроп сабе.

Абвінавачаны з'яўляецца дырэктарам прыватнай кампаніі, жанаты, на ўтрыманні мае траіх малалетніх дзяцей, паведамляе пракуратура. У 2015 годзе ён ужо быў асуджаны да 7 гадоў пазбаўлення волі за аналагічнае злачынства, мае не знятую і не пагашаную судзімасць.

Яму прад'яўлена абвінавачанне па ч. 3 арт. 328 КК Рэспублікі Беларусь («незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў»), санкцыя якой — пазбаўленне волі на тэрмін ад 6 да 15 гадоў. 

Nashaniva.com