Жыхар Гомеля так паверыў махлярам, што не толькі страціў сваю кватэру, грошы ад яе, але і сам пераехаў у здымнае жытло
46-гадовы жыхар Гомеля стаў ахвярай ашуканства, якое СК нават назваў «каласальным».
25.10.2024 / 12:34
У ліпені гэтага года мужчыну паступіў званок нібыта ад супрацоўніка банка. Суразмоўца ўпэўнена назваў прозвішча, імя, імя па бацьку пацярпелага і паведаміў пра пацверджанне на яго імя крэдыту. Даведаўшыся, што ён з'яўляецца кліентам іншага банка, з лёгкасцю «пераключыў» яго са свайго мабільнага тэлефона на службу бяспекі ўстановы-канкурэнта.
У новым дыялогу мужчыну паведамілі пра мноства аформленых на яго рахункаў, на якія паступіла звыш 112 тысяч рублёў.
Затым з ім звязаўся «падпалкоўнік з Фрунзенскага РУУС г. Мінска». Ілжэсупрацоўнік растлумачыў, што жыхар Гомеля знаходзіцца ў аператыўнай распрацоўцы з-за сумнеўных рахункаў і нерухомасці. Строгі суразмоўца прапанаваў яму два варыянты развіцця падзей: СІЗА на час разбору або ролю прынады для злову махляроў.
Мужчына выбраў другі варыянт.
Затым рушыла чарада званкоў ад іншых асоб, нібыта ўдзельнікаў спецаперацыі.
Пасля масіраванай псіхалагічнай апрацоўкі ён пагадзіўся на нібыта фіктыўны продаж сваёй трохпакаёвай кватэры, піша СК.
Пацярпелы сустрэўся з рыэлтарам і пакупніком, падпісаў дамову куплі-продажу і з'ехаў на здымную кватэру. Атрыманыя ад продажу грошы — 95 тысяч рублёў, перавёў на названыя махлярамі банкаўскія рахункі.
На гэтым зламыснікі не спыніліся і яшчэ доўга тэлефанавалі пацярпеламу з рознымі дзіўнымі заданнямі, у тым ліку — афармленне мноства sim-карт аператараў сотавай сувязі, адкрыццё рахункаў у розных банках.
Калі мужчына ўсвядоміў, што стаў ахвярай падману, звярнуўся ў міліцыю.
Заведзена крымінальная справа па ч. 4 арт. 209 (авалоданне маёмасцю шляхам падману, здзейсненае ў асабліва буйным памеры) Крымінальнага кодэкса.