Алег Гарбуз зняўся ў польскім шпіёнскім серыяле

Былы купалавец Алег Гарбуз зняўся ў польскім шпіёнскім серыяле, які хутка выйдзе на стрымінгу MAX, паведамляе канал «Священный Белавуд». 

25.10.2024 / 14:10

Гаворка пра серыял «Перашыяк». Дзеянне разгортваецца вясной 2021 года, на фоне абвастрэння адносін на польска-беларускай мяжы. Серыял расказвае гісторыю Евы Агініц (Лена Гура), якая пасля асабістай трагедыі імкнецца пакінуць сваю працу ў выведцы і пачаць спакойнае жыццё. Аднак сітуацыя ўскладняецца, калі яе партнёра, агента Скінара (Караль Почач), раскрывае расійская разведка, пасля чаго ён бясследна знікае.

Стваральнікі серыяла сцвярджаюць, што стужка акунае гледача ў сучасны свет шпіёнскіх гульняў на фоне міжнародных канфліктаў, дзе, нягледзячы на ўсе спробы, агент ніколі не зможа цалкам адмовіцца ад службы. 

Сярод польскіх і ўкраінскіх актораў у праекце можна сустрэць і імёны беларускіх артыстаў. Адну з роляў у серыяле сыграў актор тэатру і кіно Алег Гарбуз, які да эміграцыі працаваў у Купалаўскім тэатры.

Серыял «Перашыяк» пакажуць гледачам на пачатку 2025 года.

Nashaniva.com