Адзіна правільная тактыка для беларусаў падчас цяперашніх «выбараў» — берагчы сябе

Сваю думку адносна ўяўнай дылемы, што грамадству рабіць падчас днямі афіцыйна аб'яўленай спецаперацыі пад назвай «пераабранне Лукашэнкі», выказаў у фэйсбуку гісторык Аляксандр Пашкевіч.

25.10.2024 / 22:34

Фота ілюстрацыйнае

Пазаўчора лукашэнкаўскія структуры аб'явілі дату, у якую плануецца фармальна запусціць чарговы прамежак пажыццёвай улады лідара рэжыму. Гэтая дата чыста тэхнічная, бо не думаю, што хтосьці мае ілюзіі, што ў гэты дзень кагосьці будуць рэальна выбіраць.

Не маюць ілюзій адносна гэтага і беларускія дэмакратычныя сілы за мяжой.

І яны цудоўна, думаю, разумеюць, — не дурныя ж людзі, — што пры захаванні цяперашняга статус-кво ва ўнутрыпалітычным і міжнародным становішчы ў прынцыпе немагчыма прапанаваць ніякай дзейнай тактыкі, якая магла б хоць колькі-небудзь паўплываць на працэс.

Але разуменне разуменнем, а ў той жа час сам статус вымагае нешта прапаноўваць, нельга ж не прапаноўваць нічога. Таму нешта і прапануюць, і ўжо нават збіраюць крытыку — маўляў, прапануеце не тое. Карацей, ідзе-бурліць віртуальны палітычны працэс…

Але гэта так, амбіцыі з кругамі па вадзе. Супраць усяго гэтага таксама выступаць бессэнсоўна, бо гэта ў прынцыпе таксама ж натуральная з'ява: калі заблакаваны выхад «на прастор, на шырокі разлог», то застаюцца срачы ў бурбалках. Гэта прыкра і непрыемна назіраць, але варта да гэтага ставіцца як да непазбежнага элементу грамадскага пейзажу.

А тым, хто стараецца ўсё ж такі трымацца канструктыўнай пазіцыі, варта разумець, што не ўсё і не заўсёды ў руках людзей, часта іх дзеянні абмяжоўваюцца ці ўвогуле перакрэсліваюцца бягучымі абставінамі. Пераадольнымі ў прынцыпе, але непераадольнымі ў канкрэтны бягучы момант ці ў кароткатэрміновай перспектыве.

На маю думку, няправільнае і контрпрадуктыўнае накручванне сябе цяпер з адчуваннем комплексу віны, што вось, маўляў, ідзе палітычная кампанія, яе трэба скарыстоўваць, а мы не скарыстоўваем, бо гэта мы такія нягеглыя. Народ такі, маўляў, рабскі, і лідары няўдаліцы. Хнык-хнык…

Насамрэч гэта ўсё глупства, бо вышэй галавы не скочыш, а скарыстаць у сваіх мэтах фармальныя выбарчыя механізмы нават пры зусім недэмакратычных рэжымах магчыма толькі тады, калі агульная сітуацыя гэтаму спрыяе.

Ну вось, напрыклад, як выкарыстоўвалі нават самыя змагарныя і пасіянарныя народы СССР савецкія рытуальныя выбарчыя кампаніі, якія рэгулярна нібыта ў той краіне праводзіліся? Ды ніяк не выкарыстоўвалі: ішлі, як і іншыя, «дружнымі масамі» на ўчасткі і кідалі бюлетэні за аднаго-адзінага загадзя зацверджанага кандыдата ад «блока камуністаў і беспартыйных».

Хоць тых «камуністаў і беспартыйных» можа і ненавідзелі ўсёй душой, але галаву пад абух прадбачліва не падстаўлялі, акрамя хіба толькі якіх асобных герояў-адзіночак. Бо які сэнс лезці на ражон ва ўмовах, калі супраць лома няма прыёма і сістэма цябе проста бязлітасна раздушыць як якую казурку?

А вось калі памянялася вонкавая і ўнутраная сітуацыя — то тыя ж самыя людзі паказалі сябе інакш: і рызыкавалі, і баранілі сваё, і супрацьстаялі гвалту, і нават гінулі. Для ўсяго ёсць свой час.

Таму думаю, што адзіна правільную тактыку і стратэгію на цяперашнім мерапрыемстве для апанентаў рэжыму можна акрэсліць выразам «берагчы сябе».

То-бок людзям у Беларусі трэба імкнуцца перажыць гэтую спецаперацыю рэжыму з найменшымі персанальнымі стратамі. Ніякага ўплыву на працэс пры захаванні цяперашняга статус-кво, калі галасы нават у прынцыпе не лічаць, усе лічбы (у тым ліку лічба яўкі) падрыхтаваныя загадзя, а любыя дзеянні людзей будуць знаходзіцца пад пільным кантролем сілавікоў, гатовых імгненна скруціць кожнага, хто падасца ім «пратэстоўцам», рабіць немагчыма. А вось паламаць жыццё сабе і сваёй сям'і на роўным месцы можна лёгка.

Рызыка ж, вядома, справа высакародная, але не тады, калі яна бессэнсоўная і нічога не можа даць у прынцыпе.

У розных людзей розная жыццёвая сітуацыя, адпаведна з гэтым не ўсе яны могуць сабе дазволіць аднолькавыя дзеянні. І нармальна, калі ўласную тактыку паводзін на гэтых «выбарах» кожны будзе выбудоўваць зыходзячы менавіта з асабістай сітуацыі, а не з нейкай тэарэтычна абагуленай.

Любая занятая чалавекам пазіцыя слушная і правільная, калі яна дазваляе пазбегнуць зусім непатрэбных цяпер праблем яму самому, і пры гэтым нікому іншаму не шкодзіць.

А ўсё астатняе: прыйдуць — не прыйдуць, укінуць — не ўкінуць, створаць карцінку — не створаць, прагаласуюць за некага — прагаласуюць супраць усіх…

Давайце проста быць паслядоўнымі і ні на хвіліну не забывацца: галасоў там не лічаць, яўку малююць, карцінку для афіцыёзу стварыць без праблем можна і штучна, нават назіральнікаў ніякіх нармальных на гэтай пастаноўцы не будзе, а за незалежныя фота і відэа з участкаў жорстка караюць. І пакуль не прыляцелі нейкія чорныя лебедзі, на гэта ніякай рады аб'ектыўна няма.

А таму найлепшае і найразумнейшае, што можна і трэба цяпер тактычна рабіць — проста абачліва ўхіляцца ад небяспекі ў спадзяванні на тое, што ўсё праходзіць — пройдзе і гэта. Галоўнае — да таго часу захаваць жыццё і здароўе.

{POLL#1250}

Чаму Лукашэнка так спяшаецца правесці выбары?

Каго Лукашэнка паставіць на выбары кандыдатамі-спойлерамі?

Павел Латушка бачыць прычыну прызначэння выбараў на студзень у іншым

«Перапрызначыць самога сябе на ўзурпаваную пасаду». Латушка пракаментаваў дату прэзідэнцкіх выбараў

Колькі часу засталося ў кандыдатаў у прэзідэнты, каб вылучыцца на выбары

Алег Гайдукевіч заявіў, што будзе балатавацца ў прэзідэнты

ЦВК патлумачыў, чаму 23 лютага не абралі днём выбараў

Nashaniva.com