У Грузіі праходзяць парламенцкія выбары, ад якіх залежыць еўрапейская будучыня краіны

У Грузіі выбары параўноўваюць з рэферэндумам, на якім выбаршчыкі абіраюць паміж еўрапейскім шляхам і расійскім уплывам.

26.10.2024 / 08:17

Фота: CEC of Georgia

У суботу ў Грузіі пачалося галасаванне на парламенцкіх выбарах, якое называюць найважнейшым у гісторыі краіны, бо яно вызначыць не толькі склад наступнага парламента, але і будучы кірунак развіцця Грузіі. Грузінскія грамадзяне ўпершыню абіраюць парламент, маючы статус краіны — кандыдата на ўступленне ў ЕС, аднак выбары праходзяць на фоне беспрэцэдэнтнага крызісу ў адносінах Тбілісі з заходнімі партнёрамі і пагрозы еўраінтэграцыі, піша Бі-бі-сі.

Грузіны галасуюць па прапарцыйнай сістэме, дзе партыям неабходна пераадолець пяціпрацэнтны бар'ер, каб патрапіць у парламент. Таксама на 90% выбарчых участкаў ужываецца электроннае галасаванне з ідэнтыфікацыяй выбаршчыкаў і перадачай папярэдніх вынікаў.

Па ўсёй краіне, за выключэннем адколатых рэгіёнаў Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, адкрыецца больш за тры тысячы участкаў, а яшчэ больш за шэсцьдзесят участкаў будуць працаваць за мяжой, дзе зарэгістравана каля 96 тысяч выбаршчыкаў.

Перад галасаваннем многія грузіны накіраваліся ў рэгіёны, дзе яны зарэгістраваныя, каб прагаласаваць, пры гэтым частка з іх скардзілася на адсутнасць квіткоў. У выніку людзі арганізаваліся праз сацыяльныя сеткі, каб скінуцца на транспарт ці прапанаваць месца папутчыкам, а часам нават фінансавую дапамогу на дарогу.

«Ідзіце на выбары, не бойцеся нічога, кожны ваш голас павінен вырашаць будучыню гэтай краіны. Няхай ніхто не застаецца дома, бо вам вырашаць, якой будзе заўтрашняя Грузія!» — звярнулася да выбаршчыкаў прэзідэнт Грузіі Саламэ Зурабішвілі напярэдадні галасавання.

Выбары праходзяць на фоне моцнай палярызацыі палітычных сіл, праз пяць месяцаў пасля маштабных празаходніх пратэстаў супраць прыняцця закона «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», так званага «закона аб інагентах». Пастанова ЕС пасля прыняцця гэтага закона фактычна прыпыніла працэс уступлення Грузіі ў Еўрасаюз.

У выбарах удзельнічаюць 18 партый. Кіруючая партыя «Грузінская мара» ідзе на чацвёрты тэрмін, што з’яўляецца беспрэцэдэнтным выпадкам у гісторыі незалежнай Грузіі.

Мяркуецца, што яна атрымае найбольшую колькасць галасоў, але апазіцыя спадзяецца на сумарнае пераважанне галасоў праеўрапейскіх сіл і большасць месцаў у будучым парламенце.

Ключавыя апаненты «Грузінскай мары» — апазіцыйныя аб’яднанні «Адзінства — Нацыянальны рух», «Моцная Грузія», «Кааліцыя за змены», а таксама партыя былога прэм'ера Георгія Гахарыя «За Грузію». Апазіцыя разлічвае на актыўнасць моладзі, якая вясной выступала супраць закона аб іншагентах.

У Грузіі выбары параўноўваюць з рэферэндумам, на якім выбаршчыкі абіраюць паміж еўрапейскім шляхам Тбілісі і расійскім уплывам.

Асноўныя праеўрапейскія сілы падпісалі «Грузінскую хартыю» ад Саламэ Зурабішвілі і абяцаюць у выпадку перамогі правесці рэформы для вяртання на шлях еўраінтэграцыі і адмяніць законы, якія перашкаджаюць гэтаму працэсу.

Кіраўнічая партыя таксама называе выбары рэферэндумам, але не паміж еўрапейскім шляхам і ізаляцыяй, а паміж мірам і вайной, абвінавачваючы апазіцыю ў спробах уцягнуць краіну ў вайну, пры гэтым таксама абяцаючы будучае членства ў ЕС.

Завяршаючы перадвыбарны перыяд, выканальніцкі дырэктар арганізацыі «Справядлівыя выбары» (ISFED) Ніна Далідзэ адзначыла, што кіраўнічая партыя выкарыстала трагедыю ўкраінскага народа ў сваіх мэтах, і таксама ў яе кампаніі гучалі антызаходнія пасылы. Назіральнікі ад гэтай арганізацыі будуць сачыць за працэсам як у краіне, так і за мяжой.

Усяго, паводле ЦВК, за выбарамі будуць сачыць назіральнікі з 76 міжнародных і 111 мясцовых арганізацый. Выбары будуць асвятляць больш за 280 журналістаў з амаль 200 СМІ.

Nashaniva.com