Рэдкі выпадак: на чыгунцы Беларусі перайменавалі дзве станцыі

З 1 лістапада Беларуская чыгунка запускае электрацягнікі па маршруце Мінск — Калінкавічы — Мазыр. І вось якраз на ўчастку ад Мазыра да Калінкавічаў і адбыліся змены, піша Blizko.by.

26.10.2024 / 11:15

Зараз на ўчастку на поўдзень ад Калінкавічаў ёсць такія станцыі (прыпыначныя пункты) на чыгунцы: Пхоў на левым беразе Прыпяці, а на правым — уласна Мазыр у паўночна-заходняй частцы Мазыра і Казенкі ў паўднёва-заходняй.

Раней цягнікі на поўдзень ад Калінкавічаў (напрыклад, да памежнай станцыі Славечна) паслядоўна праязджалі Калінкавічы-Паўднёвыя, Пхоў, Мазыр, Казенкі, Міхалкі і далей па маршруце.

Зараз жа станцыі Казенкі ў раскладзе няма зусім, яе нельга выбраць са спісу пры пошуку раскладу.

Затое відаць, што цяпер у раскладзе дызеля Калінкавічы — Славечна з'явілася новая назва: Мазыр-Паўночны (па руску будзе Мозырь-Павночный). Ёсць яна і ў спісе станцый.

Такім чынам, былая станцыя Мазыр стала называцца Мазыр-Паўночны, а былая станцыя Казенкі — проста Мазыр. 

Nashaniva.com