З-за ракетнага ўдару Ізраіля па Іране самалёт сям’і Лукашэнкі ноччу 2 гадзіны кружыў над Баку

Мінулай ноччу самалёт EW-301PJ, які звычайна выкарыстоўваюць Віктар і Дзмітрый Лукашэнка, быў вымушаны амаль 2 гадзіны кружыць над Баку з-за ракетнага ўдару Ізраіля па Іране, піша Motolkohelp.

26.10.2024 / 12:02

Самалёт сям’і Лукашэнкі вылецеў з Мінска ўчора каля 23:20, пасля чаго зрабіў прыпынак для дазапраўкі ў Баку і вылецеў адтуль каля 3:30 (па Мінску), накіроўваючыся ў Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, у Дубай. Аднак ужо праз некалькі хвілін самалёт развярнулі над Каспійскім морам і забаранілі рухацца ў кірунку Ірана, які закрыў сваю паветраную прастору.

Чакаючы дазволу, самалёт да 5:20 раніцы бесперапынна кружыў над морам, але ў выніку быў вымушаны вярнуцца назад у Азербайджан. Другі раз самалёт вылецеў толькі ў 9:28 (па Мінску) і зараз ляціць у небе над Іранам.

Па гэтай жа прычыне незапланаваную пасадку ў Баку зрабіў і рэйс авіякампаніі Flydubai FZ1716, які ляцеў з Мінска ў Дубай.

Nashaniva.com