Да 10 шахедаў за ноч заходзілі ў Беларусь, адзін страчаны, авіяцыя не ўзнімалася

У ноч на 26 кастрычніка ў Беларусь з Украіны заляцелі не менш за 7 расійскіх дронаў-камікадзэ тыпу «шахед». Дроны праходзілі праз «калідор» Славуціч — Прыпяць, заляталі ў кірунку Брагіна, а таксама Пінска/Століна на паўднёвым захадзе краіны, паведамляе Беларускі Гаюн.

26.10.2024 / 13:38

Першы заход адбыўся ў 02:51 па «транзітным калідоры» са Славуціча ў бок Чарнобыля, далей — у 04:34, 04:43, 05:19, 06:02 і 06:05.

Акрамя гэтага, было яшчэ 3 «шахеды», якія рухаліся ў кірунку Беларусі, але іх заход дакладна не пацверджаны — гэта праходы ў 03:20, 06:37 і ў 09:38 раніцы.

Паветраныя сілы Узброеных сіл Украіны таксама паведамілі, што адзін з БПЛА пасля заходу ў Беларусь больш не вярнуўся ў Украіну, гэта значыць, быў страчаны на тэрыторыі Беларусі.

На працягу ночы і раніцы дзяжурная авіяцыя ВПС Беларусі не ўзнімалася.

Nashaniva.com