«Я не збіраюся апраўдвацца перад жыхарамі іншай краіны!» Саліст «Пятлі прыхільнасці» адказаў на хэйт з боку расіян

«Я не збіраюся апраўдвацца перад жыхарамі іншай краіны за тую мову, якую выкарыстоўваю, з’яўляючыся грамадзянінам Рэспублікі Беларусь», — так саліст гурта «Пятля прыхільнасці» Ілья Чарапко-Самахвалаў адказаў на хвалю хэйту ў бок гурта пасля выхаду новага альбома «Суперпазіцыя», піша Reform.news.

26.10.2024 / 19:54

Ілья Чарапко-Самахвалаў. Фота з сацсетак

Прэм’ера цалкам беларускамоўнага альбома, якая адбылася ўчора на музычных анлайн-пляцоўках, нечакана справакавала хвалю абурэння ў часткі расійскай публікі. У сацсетцы ВКонтакте у адрас калектыва пасыпаліся абразы і папрокі.

«Не разумею, адкуль карані гэтай пагарды да беларускай мовы? Мы ні ў нікога не павінны пытаць дазволу. Мы — беларускі гурт і гэта наша поўнае права! — музыкант быў шчыра здзіўлены і абураны такой рэакцыяй ад часткі рускамоўнай аўдыторыі. — А калі б мы заспявалі на англійскай мове? Ці назіраўся б такі хэйт?! Я ўпэўнены, што не. Але ў дачыненні беларускай мовы такое дапускаецца!» — пракаментаваў ён сітуацыю на спантаннай сустрэчы з прыхільнікамі.

«Калі мы ствараем нешта, то робім гэта, сыходзячы з нашага ўнутранага жадання, — адказаў музыка на пытанне наконт таго, ці ўлічвае гурт магчымыя рызыкі страты пэўнай часткі аўдыторыі. —

Для нас гэта не кан’юктура, а ўнутранае памкненне як творчых адзінак. Калі мы захочам зрабіць альбом на рускай мове, мы яго зробім. Зараз мы палічылі важным стварыць альбом на беларускай мове. Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусі, а не Расійскай Федэрацыі, паўтаруся. Вось і адказ на ўсе пытанні».

Ілья спадзяецца, што большасць расійскіх слухачоў гурта «Пятля прыхільнасці» ўсё ж мае іншую пазіцыю, чым хэйтары з ВКонтакте.

«А тыя, хто ад нас адпісаліся — мы гэтаму рады. Мы не жадаем, каб нас слухалі шавіністы», — кажа музыка.

Расіян бамбанула з нагоды першага беларускамоўнага альбома «Пятлі прыхільнасці»

«Аб чым дрыжыць мой кожны квант». Услухаліся ў песні рашуча беларускамоўнага альбома «Пятлі прыхільнасці»

У гурта «Пятля прыхільнасці» выйшаў новы альбом — цалкам на беларускай мове

Nashaniva.com