Краіны брытанскай Садружнасці падпісалі дакумент аб кампенсацыі Вялікабрытаніяй шкоды ад гандлю рабамі

Па выніках двухдзённага саміту краін Садружнасці кіраўнікі ўрадаў гэтага аб’яднання (большасць удзельнікаў якога — былыя брытанскія калоніі) абвясцілі, што прыйшоў час пачаць дыялог з Вялікабрытаніяй аб неабходнасці кампенсацыі шкоды, нанесенай гэтым краінам трансатлантычным гандлем рабамі і эксплуатацыяй рабскай працы. Сама Вялікабрытанія таксама падпісала дакумент, але з адным нюансам.

26.10.2024 / 22:01

Ілюстрацыйная выява, на якой адлюстраваная эпоха трансатлантычнага гандлю рабамі. Фота: Pictures from History / Contributor Getty Images

У прынятым па выніках саміту камюніке, падпісаным кіраўнікамі ўрадаў усіх 56 краін-удзельніц брытанскай Садружнасці, у тым ліку і прэм'ер-міністрам Вялікабрытаніі Кірам Стармерам, утрымліваецца заклік да «абмеркавання пытання аб кампенсацыі нанесенай Лонданам шкоды за бесчалавечны трансатлантычны гандаль рабамі». У заяве ўдакладняецца, што прыйшоў час для «змястоўнай, праўдзівай і паважлівай размовы» па гэтай тэме, паведамляе Руская служба Бі-бі-сі.

Краіны Садружнасці патрабуюць ад Вялікабрытаніі рэпарацый за ўвесь перыяд трансатлантычнага рабагандлю. Аднак Лондану гэтая ідэя не падабаецца.

Як піша агенцтва, Стармер пагадзіўся з неабходнасцю пачаць дыялог, але пры гэтым заявіў, што пытанні памеру выплат на сустрэчы не абмяркоўваліся і што Вялікабрытанія «вельмі выразна і паслядоўна» прытрымліваецца пазіцыі, што выплачваць рэпарацыі былым калоніям не будзе.

Канчатковая сума рэпарацый можа скласці як мінімум 24 трыльёны даляраў (што эквівалентна памеру амаль усяго публічнага дзярждоўгу ЗША, або паўтара ВУП усяго Еўрасаюза. — «НН»).

Патэнцыйныя рэпарацыі ад Вялікабрытаніі, паводле экспертаў, могуць прымаць розныя формы, уключаючы фінансавыя выплаты, спісванне даўгоў, афіцыйныя прабачэнні, адукацыйныя праграмы, стварэнне музеяў і манументаў, эканамічную падтрымку і дапамогу ў галіне аховы здароўя.

Садружнасць нацый (брытанская Садружнасць) была створаная ў 1949 годзе. Цяпер у гэтую арганізацыю ўваходзяць 56 дзяржаў, і яна праяўляе гатоўнасць прымаць у свой склад новыя краіны, нават калі некаторыя з іх, як Мазамбік ці Руанда, ніколі не былі брытанскімі калоніямі або залежнымі ад Брытанскай Імперыі тэрыторыямі.

Суддзя з ААН заклікаў Вялікабрытанію заплаціць рэпарацыі за каланіяльны гандаль рабамі

У Вялікабрытаніі пачалося маштабнае даследаванне сувязяў каралеўскай сям'і з гандлем рабамі

Макрон абвясціў пра заканчэнне эпохі «французскай Афрыкі» 

Nashaniva.com