ЦВК Грузіі аб'явіла пра больш чым 50% у «Грузінскай мары»

ЦВК Грузіі паведаміла, што кіроўная партыя «Грузінская мара» набірае 53,5% галасоў выбаршчыкаў паводле звестак на 01:30 мясцовага часу (0:30 паводле Мінска).

27.10.2024 / 00:26

Ганаровы старшыня «Грузінскай мары», шэры кардынал грузінскай палітыкі Бідзіна Іванішвілі на выбарчым участку. Фота: AP Photo/Kostya Manenkov

Паводле звестак на сайце ЦВК, другое месца пакуль застаецца за рухам «Адзінства — нацыянальны рух» з вынікам 11%. «Кааліцыя за перамены» атрымлівае 9,6%, «Моцная Грузія» — 9,02%, «Гахарыя — за Грузію» — 7,9%.

Астатнія партыі пакуль не пераадольваюць 5-працэнтны бар'ер, неабходны для трапляння ў парламент. Усяго ў выбарах удзельнічалі 18 партый.

Яўка на выбарах склала 58,94%. Гэта больш, чым на мінулых, якія прайшлі чатыры гады таму: у 2020 годзе на ўчасткі прыйшлі 56,11% грузінскіх выбаршчыкаў. 

Тым часам невядомыя здзейснілі напад на офіс апазіцыйнай «Кааліцыі за перамены» ў горадзе Зугдзідзі на захадзе краіны. Яны закідалі будынак металічнымі прадметамі і каструлямі, спрабуючы ўвайсці ўсярэдзіну, але ўцяклі, калі на месца здарэння прыбылі журналісты. Цяпер там знаходзяцца паліцыя і хуткая, пра пацярпелых не паведамляецца. Кажуць, гэта ўжо другі напад на той жа офіс за сёння. 

«Грузінская мара» перамагае ў правінцыі, прайграе ў вялікіх гарадах Вынік пакуль непрадказальны

У Грузіі праходзяць парламенцкія выбары, ад якіх залежыць еўрапейская будучыня краіны

Расійскія хакеры гадамі сачылі за Грузіяй — Bloomberg

Nashaniva.com