Ізраільскі ўдар паралізаваў вытворчасць балістычных ракет у Іране

Не выключана, што пасля ізраільскага ўдару Іран год не зможа вырабляць балістычныя ракеты. І гэта дрэнная навіна для «Хезбалы» і хусітаў. 

27.10.2024 / 08:43

Прэм'ер-міністр Ізраіля Біньямін Нетаньяху выступае на 79-й сесіі Генеральнай Асамблеі Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, 27 верасня 2024 г. Фота: AP Photo / Richard Drew

Удар Ізраіля паралізаваў вытворчасць балістычных ракет у Іране, перадае Axios са спасылкай на крыніцы. 

«Удар у адказ Ізраіля па Іране вывеў са строю крытычны кампанент іранскай праграмы па распрацоўцы балістычных ракет… Ізраіль нанёс удар па 12 «планетарным змяшальнікам», якія выкарыстоўваліся для вытворчасці цвёрдага ракетнага паліва для балістычных ракет далёкага дзеяння, якія з'яўляюцца асноўнай часткай ракетнага арсенала Ірана», — гаворыцца ў публікацыі.

Па словах суразмоўцаў выдання, пашкоджаныя аб'екты — «вельмі складанае абсталяванне», якое Іран не вырабляе, а заказвае за мяжой, і на іх аднаўленне «можа пайсці мінімум год». Высокапастаўлены амерыканскі чыноўнік пацвярджае словы суразмоўцаў партала, заяўляючы, што ўдар «паралізаваў» магчымасці па вытворчасці ракет у Іране.

Акрамя таго, крыніцы з Ізраіля сцвярджаюць, што падчас удару былі пашкоджаныя чатыры батарэі СПА, якія абаранялі Тэгеран, а таксама ядзерныя і энергетычныя аб'екты інфраструктуры Ірана.

У ноч на суботу Армія абароны Ізраілю заявіла аб нанясенні ўдараў па вайсковых аб'ектах у Іране ў рамках адказу на атакі на Ізраіль 1 кастрычніка.

Nashaniva.com