Ісландыя зацвердзіла чатырохдзённы працоўны тыдзень

Па выніках мінулага года ВУП краіны вырас на 5%, што ў тым ліку звязваюць са скарачэннем працоўнага тыдня.

27.10.2024 / 21:34

Ісландыя завяршыла пераход на чатырохдзённы працоўны тыдзень без змяншэння заработнай платы. Пра гэта піша CNN.

Па звестках выдання, пілотны праект, у рамках якога з 2020 па 2021 год 51% жыхароў краіны скарацілі працоўны тыдзень да 35-36 гадзін, паказаў станоўчыя вынікі. Так, прадукцыйнасць працы захавалася ці нават вырасла, а беспрацоўе дасягнула мінімальных паказчыкаў сярод еўрапейскіх краін.

Спецыялісты адзначаюць, што палепшыўся агульны дабрабыт работнікаў — ад зніжэння ўзроўню стрэсу і рызыкі выгарання да паляпшэння здароўя і гармоніі паміж працай і асабістым жыццём.

Згодна з новым даследваннем, па выніках 2023 года ВУП Ісландыі вырас на 5%, што з'яўляецца высокім паказчыкам для развітай эканомікі. Для параўнання, на працягу 2006-2015 гадоў сярэднія тэмпы росту эканомікі ў Ісландыі складалі толькі каля 2 працэнтаў у год.

Nashaniva.com