Таццяна Хоміч расказала пра стан здароўя Марыі Калеснікавай

«Я баюся за яе жыццё. Таму што ўсяму ёсць мяжа».

28.10.2024 / 08:00

Марыя Калеснікава з татам у турэмнай бальніцы. Фота з каналаў, звязаных з сілавікамі

У новым выпуску ТОКу сузаснавальніца Асацыяцыі сваякоў і былых палітзняволеных Таццяна Хоміч расказала пра стан здароўя сваёй сястры Марыі Калеснікавай.

Як вядома, у лістападзе 2022 годзе Марыя Калеснікава перанесла аперацыю на страўніку з-за прабадной язвы.

«Яна была ў ШІЗА. Пачала сябе дрэнна адчуваць. Там было вельмі холадна. Яна не магла спаць. Пасля гэтага млела. У яе пачаў балець жывот. Некалькі дзён [супрацоўнікі] увогуле ніяк не рэагавалі, пакуль не скончыўся тэрмін знаходжання ў ШІЗА. Дзесяць сутак яна там адбыла. Гэта канец лістапада, і там вельмі холадна. І я з жахам думаю пра наступную зіму. Таму што мы ведаем, што Машу ўсё роўна перыядычна змяшчаюць у ШІЗА», — расказвае Хоміч.

Па яе словах, сама Маша пасля аперацыі расказвала адвакату, што згубіла недзе 15 кілаграмаў. «Маша даволі высокая — метр семдзесят пяць ростам. Вага нармальная — гэта 65-70 кілаграм. То-бок яна тады ўжо згубіла шмат», — заўважае Таццяна.

Як тлумачыць Хоміч, страта вагі звязаная з тым, што Марыя некалькі тыдняў пасля аперацыі не магла есці турэмную ежу:

«Я думаю, што яны спрабавалі неяк яе пакарміць, але гэта было марна. І яна працягвала губляць вагу. І на той момант дазволілі зрабіць дыетычную перадачу — пюрэ ўсіх відаў». І гэтая перадача, па словах Таццяны, была апошняй.

«Мы чулі, што шмат з таго, што там ёсць, яна не можа есці, таму што ежа дастаткова грубая. Яна простая, і, каб зрабіць яе каларыйнейшай, туды дадаюць комбітлушч. Як я разумею, там ёсць невялікая колькасць мяса, рыбы. Але гэтага недастаткова насамрэч. І там тое, што яна есці не можа».

Таццяна расказвае, што ўмовы ўтрымання ў ПКТ прадугледжваюць, што можна патраціць адну ці дзве базавыя велічыні (40-80 беларускіх рублёў) у месяц на набыццё ежы і прадметаў гігіены.

Але падрабязнасцей родныя не ведаюць, бо з Машай з лютага 2023 года няма ніякай сувязі. Да іх даходзяць толькі ўрыўкі інфармацыі ад тых, хто выйшаў з калоніі ў розныя перыяды.

Ад былых вязняў стала вядома, што Марыю Калеснікаву як мінімум адзін раз адвозілі ў гарадскую бальніцу ў Гомелі. Але больш ніякіх падрабязнасцей пра гэта.

«Дакладна можна сказаць, што ўтрыманне ў турме вельмі моцна падарвала яе здароўе. У яе раней не было праблем з страўнікам», — заўважае Хоміч.

Жанчына расказвае, што не атрымалася праверыць інфармацыю аб тым, што Маша стала важыць 45 кілаграм.

«Я вельмі спадзяюся, што гэта спыніцца ў бліжэйшы час. (…) Цяпер я баюся за яе жыццё. Таму што ўсяму ёсць мяжа», — гаворыць Таццяна.

Яна вельмі хвалюецца за тое, як на Марыю паўплывае стан інкамунікада.

«Я чула такі каментарый некалькі месяцаў назад, што Маша хутка развучыцца размаўляць. (…) Потым, калі быў абмен паміж Расіяй і Захадам, у адным з інтэрв'ю Уладзімір Кара-Мурза гаварыў аб тым, што яму было вельмі складана размаўляць. (…)

І тут я зразумела, што гэта сапраўды вялікая праблема — што будзе далей. Гэта ўсё ж такі ўплывае яшчэ і на кагнітыўныя здольнасці. І ўмовы ўтрымання ў беларускіх турмах больш жорсткія, яны цяжэйшыя. У расійскіх не было такой поўнай ізаляцыі».

«Яна важыць 45 кілаграмаў, і гэта пры яе росце ў 175». Сястра Марыі Калеснікавай падзялілася апошнімі звесткамі пра яе

«Сёння гэты кашмар можна спыніць». Сястра Марыі Калеснікавай заклікала забяспечыць палітзняволенай неабходнае харчаванне

Чаму Віктар Бабарыка зрабіў стаўку на Марыю Калеснікаву?

Nashaniva.com