У Мінску бацька прыйшоў да сына, а той з сябрукамі ўжывае наркотыкі. Мужчына ўсіх здаў
У Мінску затрымалі 26-гадовага хлопца і яго знаёмую. Яны сталі падазраванымі ў справе аб незаконным абароце наркотыкаў, паведаміла прэс-служба МУС.
28.10.2024 / 09:14
«У Кастрычніцкае РУУС сталіцы звярнуўся мужчына, які прыехаў у госці да сына і заспеў яго з кампаніяй пры ўжыванні наркотыкаў. Мянчук замкнуў іх у кватэры і патэлефанаваў на лінію «102», — гаворыцца ў паведамленні МУС.
На месца выехалі аператыўнікі наркакантролю і патрульныя міліцыянты. У жыллё знайшлі шалі, зіп-пакеты, ізастужку, шпрыц і скрутак з парашкападобным рэчывам. Усіх маладых людзей даставілі ў РУУС.
«26-гадовы сын разам са сваёй знаёмай каля месяца працавалі кур'ерамі інтэрнэт-крамы па продажы наркотыкаў. Яны забіралі буйныя партыі «тавару» ў лясным масіве сталіцы, фасавалі на дробныя дозы і раскладвалі па схованках», — дадалі ў МУС.
У дачыненні да пары распачалі крымінальную справу. Такcама міліцыя правярае на дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў іншых удзельнікаў кампаніі.