Суд у Расіі прыгаварыў двух беларусаў, якіх абвінавачвалі ў дыверсіі, да 12 гадоў калоніі

Паводле версіі следства, Басько і Брэскі за ўзнагароду падпалілі электравоз у лакаматыўным дэпо «Арэхава-Зуева».

28.10.2024 / 12:13

Суд прыгаварыў абвінавачаных у дыверсіі ў Расіі грамадзян Беларусі Арцёма Брэскага і Кірыла Басько да 12 гадоў калоніі паводле артыкула аб дыверсіі, піша «Медыязона».

Паводле версіі следства, Басько і Брэскі за ўзнагароду падпалілі электравоз у лакаматыўным дэпо «Арэхава-Зуева». Такое заданне даў ім невядомы, які размясціў аб’яву наконт працы ў тэлеграм-канале «Упіскі-Масква» і прадставіўся як «Юрый».

Выступаючы сведкам у судзе, аператыўнік ФСБ Павел Памітун сцвярджаў, што «Юрый» аказаўся ўкраінскім разведчыкам, хаця спецслужба і не ўстанавіла яго асобу. На пытанне, як ён прыйшоў да высновы, што «Юрый» служыць у ГУР, Памітун адказаць не змог.

Згодна з паказаннямі, якія Басько і Брэскі давалі на следстве, падпал электравоза быў не адзіным заданнем «Юрыя» — спачатку ён прапанаваў падпаліць аўтамабіль, а пасля яшчэ адзін лакаматыў, але ўжо ў Маскве.

Пры гэтым, як вынікае з зачытанага ў судзе пратакола допыту Басько, яны з Брэскім падманулі «Юрыя»: выдалі знойдзены ў інтэрнэце ролік за відэасправаздачу пра падпал машыны і атрымалі ганарар у біткойнах.

У судзе абодва падсудныя адмовіліся ад гэтых паказанняў. Басько заявіў, што падпісаў пратакол, не чытаючы, бо падчас допыту нейкі мужчына збіваў яго і Брэскага і пагражаў надзець мяшок на галаву.

Арцём Брэскі і Кірыл Басько — ураджэнцы Віцебска, у 2022 годзе яны прыехалі ў Маскву на заробкі. Беларусаў затрымалі 27 снежня 2022 года. У той дзень на іх склалі пратаколы за дробнае хуліганства (частка 1 артыкула 20.1 КаАП РФ) і аштрафавалі за лаянку ў грамадскім месцы. Пазней суд арыштаваў беларусаў па артыкуле аб наўмысным пашкоджанні маёмасці (частка 2 артыкула 167 КК РФ), затым абвінавачанне перакваліфікавалі на артыкул аб дыверсіі.

Nashaniva.com