Губарэвіч патлумачыў, чаму рашыў удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах
Кіраўнік ліквідаванага ўладамі Руху «За свабоду» і эксперт па рэгіянальным развіцці Народнага антыкрызіснага кіравання Юрась Губарэвіч паведаміў, што збіраецца ўдзельнічаць у новых прэзідэнцкіх выбарах. Ён ужо даслаў у ЦВК заяву, спіс ініцыятыўнай групы і іншыя дакументы, неабходныя для рэгістрацыі ў якасці кандыдата. Ён распавёў «Нашай Ніве», дзеля чаго робіць гэта, калі іншыя прадстаўнікі апазіцыі заклікаюць ці байкатаваць выбары, ці галасаваць «супраць усіх».
28.10.2024 / 14:13
Юрась Губарэвіч
Палітык кажа, што ўдзел у выбарах — гэта найперш яго права як грамадзяніна Беларусі:
«Я маю пашпарт грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Усе ўзроставыя цэнзы мяне не тычацца. Маю ўсе падставы дзеля таго, каб мая заяўка на ўдзел была задаволеная».
Пасля зменаў у Канстытуцыю кандыдат у прэзідэнты павінен пражыць не менш за 20 гадоў у Беларусі непасрэдна перад выбарамі і не мець ДНЖ іншай краіны. Юрась Губарэвіч кажа, што яго гэтыя абмежаванні не тычацца, ён — проста «часова не ў Беларусі».
«На дадзены момант я не маю ніякіх відаў на жыхарства. Мае дакументы ў працэсе разгляду, але рашэння няма», — сцвярджае палітык. «Што тычыцца моманту пра пражыванне за мяжой, ізноў такі: закон не акрэслівае канкрэтную колькасць дзён ці колькасць год, якія трэба пражыць за мяжой, каб гэтае абмежаванне пачало дзейнічаць. Тут такі юрыдычны нюанс».
Юрась Губарэвіч ужо вылучаўся на прэзідэнцкія выбары ў 2020 годзе, але зняў сваю кандыдатуру пасля 15 сутак за «несанкцыянаванае пікетаванне». З таго моманту рэпрэсіі супраць любога «іншадумства» толькі ўзмацніліся, усе палітычныя гульцы, якія не выехалі за мяжу, знаходзяцца за кратамі — які тады сэнс удзельнічаць у выбарах у такіх умовах?
«Адна справа — словы, і іншая — збіранне доказаў і фактаў. Мы, канечне, можам ацэньваць гэтыя выбары як недэмакратычныя, і, хутчэй за ўсё, з велізарнай доляй верагоднасці, мая заяўка не будзе задаволеная, але гэта крок, які дадаткова пацвердзіць, што ў сённяшніх умовах казаць пра роўныя магчымасці для ўсіх кандыдатаў не прыходзіцца.
Тым больш для тых, хто прадстаўляе адрозны ад афіцыйнага погляды. Рэжым заўсёды можа сказаць: вы нават не спрабавалі, усе, хто хацеў заявіцца, заявіліся і ўзялі ўдзел у выбарах, мы нікога не абмяжоўвалі. Мая задача — паказаць, ці так гэта насамрэч».
У ініцыятыўную групу палітыка ўвайшлі людзі, якія былі ў ёй у 2020 годзе. Пры станоўчым выніку Губарэвіч плануе адправіць заносіць сабраныя подпісы ў ЦВК сваю давераную асобу, як тое робіць Лукашэнка.
«Тут трэба, каб таксама быў роўны падыход да ўсіх кандыдатаў — я штосьці не памятаю, каб Лукашэнка насіў сам свае дакументы ў ЦВК».
У ЦВК падалі дакументы рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Лукашэнкі
Апазіцыя прапануе галасаваць супраць усіх, але дапускае змену тактыкі бліжэй да выбараў
Кныровіч патлумачыў, чаму лепш галасаваць на выбарах за Гайдукевіча, чым за Лукашэнку
Каго Лукашэнка паставіць на выбары кандыдатамі-спойлерамі?