НАТА пацвердзіла прысутнасць вайскоўцаў КНДР на Куршчыне

Генеральны сакратар НАТА Марк Рутэ на брыфінгу 28 кастрычніка заявіў, што можа пацвердзіць, што вайскоўцы Паўночнай Карэі ўжо задзейнічаныя ў Курскай вобласці РФ.

28.10.2024 / 14:56

Рутэ расказаў, што раніцай дэлегацыя Паўднёвай Карэі праінфармавала НАТА, а таксама Японію, Аўстралію і Новую Зеландыю пра тое, што яе службам вядома пра прысутнасць вайскоўцаў КНДР у Расіі і іх прыцягненне ў вайну.

«Сёння я магу пацвердзіць, што паўночнакарэйскія вайскоўцы былі адпраўленыя ў Расію і паўночнакарэйскія падраздзяленні задзейнічаныя ў Курскай вобласці», — сказаў ён.

Рутэ назваў уцягненне войскаў КНДР у вайну «значнай эскалацыяй». 

«НАТА заклікае Расію і КНДР неадкладна спыніць гэтыя дзеянні», — дадаў генеральны сакратар.

Ён нагадаў, што перад тым КНДР давала Расіі боепрыпасы і балістычныя ракеты. «У абмен на гэта Пуцін дае Паўночнай Карэі ваенныя тэхналогіі і іншую падтрымку для абыходу міжнародных санкцый», — адзначыў Рутэ.

Ён падкрэсліў, што ў гэтых умовах дэмакратычнаму свету важна аб'ядноўваць намаганні ў абарону агульных каштоўнасцей.

Рутэ назваў прыцягненне паўночнакарэйскіх вайскоўцаў на Куршчыне — «сведчаннем роспачы Пуціна».

«Больш за 600 тысяч расійскіх вайскоўцаў забітыя або атрымалі раненні ў вайне Пуціна, і ён не можа падтрымліваць наступ на Украіну без падтрымкі з-за мяжы … Саюзнікі ў НАТА працягнуць падтрымліваць свабодную і незалежную Украіну, таму што бяспека Украіны — гэта наша бяспека«, — сказаў Марк Рутэ.

На мінулым тыдні разведка Паўднёвай Карэі паведаміла, што Паўночная Карэя ўжо адправіла ў Расію 3 тысячы вайскоўцаў для ўдзелу ў вайне супраць Украіны.

Nashaniva.com