Расійскія войскі за апошнія тры дні ўзялі пад кантроль восем украінскіх населеных пунктаў на Данбасе

Фронт развальваецца?

28.10.2024 / 15:45

Ілюстрацыйнае фота Libkos / AP

Расійскія войскі за апошнія тры дні ўзялі пад кантроль восем украінскіх населеных пунктаў на Данбасе: Багаяўленку, Кацярынаўку, Ізмайлаўку, Аляксандропаль, Гарняк, Сялідава, Шахцёрскае і Вішнёвае. Пра гэта паведаміў эксперт Bild па аналізе адкрытых звестак Юліян Ропке.

«Фронт на поўдні Данецкай вобласці развальваецца. У рэгіянальным маштабе гаворка ідзе пра страты ад двух да пяці кіламетраў у дзень. Пры такой хуткасці Расіі спатрэбіцца каля паўгода, каб дайсці да Днепрапятроўскай вобласці», — напісаў ён у сацсетцы X.

У той жа час украінскі OSINT-праект DeepState, звязаны з Міністэрствам абароны Украіны, паведаміў, што расійскія войскі кантралююць значную частку Сялідава, але цалкам горад яшчэ не заняты.

DeepState таксама пацвердзіў захоп Гарняка ў Пакроўскім раёне Данецкай вобласці. Пракрамлёўскі канал Shot сцвярджае, што расійскія сілы ўсталявалі кантроль над 80% тэрыторыі Сялідава, піша Moscow Times.

Nashaniva.com