У Грузіі пачаліся пратэсты супраць вынікаў парламенцкіх выбараў

На вялікім мітынгу ў Тбіліся грузінская апазіцыя запатрабавала правядзення паўторнага галасавання.

28.10.2024 / 20:15

Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze

Сярод іншых на мітынгу выступіла прэзідэнтка Грузіі Саламе Зурабішвілі, якая абвясціла, што «ніхто не зможа скрасці еўрапейскую будучыню Грузіі».

«Тыя, хто тут, — вы не прайгралі выбары […] У вас скралі галасы і пастараліся скрасці ў вас будучыню! Але ні ў каго няма права на гэта, і вы не дасце нікому на гэта права!» — заявіла яна.

Саламе Зурабішвілі. Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze

«Магу паклясціся, што буду з вамі да канца на гэтым еўрапейскім шляху. Да таго часу, пакуль мы не дасягнем Еўропы, якая з'яўляецца не проста нашай марай, а рэальнасцю, бо ў нас няма іншай альтэрнатывы», — заявіла Зурабішвілі.

«Адзіныя перамовы з урадам будуць тычыцца таго, каб правесці новыя выбары пры дапамозе міжнародных назіральнікаў», — заявіў кіраўнік «Адзінага нацыянальнага руху» Георгій Вашадзэ.

Фота: AP Photo/Zurab Tsertsvadze

Мяркуючы па фота і відэа, на гэты мітынг прыйшло дастаткова шмат людзей, паведамляецца пра прынамсі 15 тысяч чалавек.

Сілавікі ў Тбілісі збіраюцца на вуліцах, якія прымыкаюць да цэнтральнага праспекта Руставелі, дзе ідзе акцыя пратэсту. Пра затрыманні пратэстоўцаў або іх сутыкненні з сілавікамі пакуль не паведамлялася.

Прэзідэнтка Грузіі адмовілася прызнаваць вынікі выбараў у парламент

Чаму многія жыхары Грузіі, якая імкнецца ў ЕС, галасавалі за «Грузінскую мару»?

«Грузінская мара» перамагла на выбарах у Грузіі, апазіцыя заявіла пра масавыя фальсіфікацыі

Nashaniva.com