Перабежчыкі з Паўночнай Карэі просяцца ва Украіну, каб распрапагандаваць суродзічаў па іншы бок фронту

Гаворка ідзе пра перабежчыкаў з арміі КНДР апошніх гадоў.

28.10.2024 / 22:43

Паўночнакарэйскі і паўднёвакарэйскі вайскоўцы ціснуць адзін аднаму руку на лініі размежавання паміж дзвюма дзяржавамі, 2018 год. Фота: South Korea Defense Ministry via AP

Кітайскае выданне South China Morning Post даведалася аб жаданні перабежчыкаў із арміі КНДР удзельнічаць у вайне ва Украіне на баку УСУ. Група з амаль 200 былых паўночнакарэйскіх салдатаў, якія за апошнія гады здолелі збегчы ў Паўднёвую Карэю, цяпер просіць у мясцовых і ўкраінскіх уладаў дазволу дапамагчы.

«Паўночнакарэйскія салдаты, па сутнасці, знаходзяцца ў Расіі ў якасці наймітаў, але мы паехалі б туды як добраахвотнікі з місіяй добрай волі», — сказаў Лі Мін Бок, адзін з лідараў групы былых вайскоўцаў КНДР, які накіраваў запыт у пасольства Украіны ў Сеуле.

Пры гэтым South China Morning Post адзначае, што паўночнакарэйскія добраахвотнікі ў першую чаргу хочуць дапамагчы весці на Украіне псіхалагічную вайну супраць сваіх былых таварышаў па зброі, а не забіваць іх.

«Яны маюць намер выкарыстоўваць свае веды аб Узброеных сілах КНДР, каб падарваць баявы дух і дэмаралізаваць салдат з Паўночнай Карэі, якія знаходзяцца на тэрыторыі Расіі. Некаторыя з перабежчыкаў маюць стаж ад сямі да дзесяці гадоў службы ў арміі і прапануюць сябе ў якасці перакладчыкаў падчас магчымых допытаў тых паўночнакарэйскіх салдат, якія трапяць ва ўкраінскі палон», — піша South China Morning Post.

Нагадаем, што паводле ўкраінскай і паўднёвакарэйскіх выведак Пхеньян вырашыў накіраваць каля 12 тысяч вайскоўцаў на дапамогу Расіі, з якіх паўтары тысячы ўжо знаходзяцца на расійскіх палігонах на Далёкім Усходзе. Сеул у адказ стаў усурʼёз разглядаць магчымасць пастаўкі сваёй зброі Украіне. 

НАТА пацвердзіла прысутнасць вайскоўцаў КНДР на Куршчыне

«Здавайцеся ў палон! Вас чакае трохразовае гарачае харчаванне». Украінцы апублікавалі зварот да салдат КНДР

На парадзе ў Карэі з вайскоўцамі маршыравалі сабакі-робаты. Паказалі таксама ракету, здольную знішчыць Кім Чэн Ына ў любым бункеры ВІДЭА

Nashaniva.com