З-за раставання арктычных ільдоў белыя мядзведзі сталі часцей хварэць

Новыя даследаванні паказалі, што па меры раставання льдоў у Арктыцы белыя мядзведзі сталі падвяргацца павышанай рызыцы заражэння вірусамі, бактэрыямі і паразітамі, з якімі яны радзей сутыкаліся яшчэ 30 гадоў таму, паведамляе Бі-бі-сі.

28.10.2024 / 23:45

Фота: freepik.com

Вучоныя вывучылі аналізы крыві мядзведзяў у Чукоцкім моры — паміж Аляскай і Расіяй. Былі прааналізаваныя пробы, сабраныя ў перыяд з 1987 па 1994 год, а потым пробы перыяду з 2008 па 2017 год.

Вучоныя праверылі кроў мядзведзяў на пяць розных патагенаў — вірусаў, бактэрый або паразітаў, якія ў асноўным фіксуюцца ў сухапутных жывёл, але былі зарэгістраваныя ў насельнікаў мора, у тым ліку тыя віды, на якіх палююць белыя мядзведзі.

Даследаванне засведчыла, што цяпер значна большая колькасць мядзведзяў аказалася інфікаванай. Сярод пяці патагенаў, якія сталі часцей сустракацца ў белых мядзведзяў, — два паразіты, якія выклікаюць таксаплазмоз і неаспароз, два віды бактэрый, якія выклікаюць ліхаманку і бруцэлёз, а таксама вірус, які выклікае сабачую чуму.

Аднак вучоныя гавораць, што па пробах крыві цяжка вызначыць, як гэтыя вірусы і бактэрыі адбіліся на здароўі мядзведзяў.

Спецыяліст па дзікай прыродзе Кэрын Родэ з Геалагічнай службы ЗША лічыць, што падвышаная рызыка інфікавання белых мядзведзяў злучаная са зменамі ва ўсёй арктычнай экасістэме. Паводле яе слоў, у месцах пасялення папуляцыі белых мядзведзяў колькасць лёду значна скарацілася, а землекарыстанне павялічылася.

Папярэднія даследаванні з выкарыстаннем камер-нашыйнікаў на мядзведзях засведчылі, што ў сувязі са знікненнем арктычнага лёду яны праводзяць усё больш часу на сушы і ім не хапае калорый.

Міжнародны саюз аховы прыроды ўнёс белых мядзведзяў у спіс відаў, якім пагражае выміранне. Ключавым фактарам скарачэння іх колькасці лічыцца страта асяроддзя пражывання — арктычнага лёду — з-за змянення клімату.

Белы мядзведзь у «ледзяным ложку» — пераможца ў ФОТА дзікай прыроды 2023 года

У Зімбабвэ з-за засухі збіраюцца забіць 200 сланоў

У Мінскі заапарк пераехаў леапард, якога вывезлі з акупаванага расіянамі Сватава

Nashaniva.com