Байдэн адстаяў у чарзе 40 хвілін, каб прагаласаваць датэрмінова
Амерыканскі лідар прагаласаваў датэрмінова на выбарах прэзідэнта ЗША. Ён запоўніў бюлетэнь у панядзелак на ўчастку для датэрміновага галасавання ў Нью-Касле (штат Дэлавэр), блізу Уілмінгтана, дзе знаходзіцца яго прыватная рэзідэнцыя.
29.10.2024 / 09:27
Фота: Manuel Balce Ceneta / AP
Па даных агенцтва AP, кіраўнік Белага дома прастаяў каля 40 хвілін, чакаючы сваёй чаргі.
Ён пагутарыў з выбаршчыкамі і дапамог падкаціць наперад пажылую жанчыну ў інвалідным крэсле, якая стаяла перад ім.
На ўчастку Байдэн паказаў пасведчанне супрацоўніцы камісіі, тая папрасіла яго пакінуць электронны подпіс, затым дазволіла прайсці ў кабінку.
Пасля таго як прэзідэнт схаваўся за чорнай фіранкай, на ўчастку пачуліся апладысменты.
Выбары прэзідэнта ЗША пройдуць роўна праз тыдзень, у наступны аўторак. У іх удзельнічаюць кандыдат ад дэмакратаў, віцэ-прэзідэнт Камала Харыс і 45-ы прэзідэнт ЗША Дональд Трамп (Рэспубліканская партыя).