У Расіі паставілі помнік салдату НАТА
Ва Ульянаўскай вобласці адкрылі манумент ветэранам баявых дзеянняў, але нешта пайшло не так.
29.10.2024 / 13:55
Фота: Astra
Помнік ветэранам баявых дзеянняў, удзельнікам лакальных войнаў і ўзброеных канфліктаў адкрылі пасёлку Селікатны Ульянаўскай вобласці. Ён складаецца з дзвюх пліт, на правай намаляваны ваенны.
Праўда, мясцовыя жыхары адразу заўважылі падвох: на помніку салдат намаляваны ў форме стандартаў НАІА з амерыканскай штурмавой вінтоўкай у руках, піша Astra.
Z-актывіст і экс-удзельнік вайны супраць Украіны Даніл Ібетаў, які дапамагаў рабіць эскіз для манумента, паспрабаваў апраўдацца.
«Я хачу развеяць вашы сумневы. Калі мы бралі горад Бахмут, многія з маіх баявых таварышаў, уключаючы мяне, выкарыстоўвалі трафейныя М16 і М4. Гэтыя вінтоўкі прыйшліся нам па душы, і я асабіста выбіраў іх для нашага мастака, які ствараў гэты выдатны помнік», — заявіў Ібетаў.
Таксама ён прапанаваў асабіста сустрэцца ўсім, каму не падабаецца помнік. Пры гэтым Ібетаў не патлумачыў, чаму салдат на помніку не толькі з амерыканскай зброяй, але і ў натаўскай форме.