Гамяльчанка пад пагрозай абвінавачванняў у «экстрэмізме» аддала ашуканцам 124 тысячы рублёў

З жанчынай звязаўся нібыта прадстаўнік Камітэта дзяржкантролю і заявіў, што яе абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмізму.

29.10.2024 / 19:29

У канцы жніўня 56-гадовая гамяльчанка атрымала званок ад невядомага абанента. Ён прадставіўся работнікам мабільнага аператара і прапанаваў перазаключыць дамову дыстанцыйна. Жанчына падвоху не заўважыла — у аператара, які тэлефанаваў на аватарцы, стаяў лагатып аператара — і перайшла па прапанаванай спасылцы, пакінуўшы там пашпартныя звесткі.

Неўзабаве з гамяльчанкай звязаўся іншы мужчына. Ён прадставіўся афіцэрам КДК і заявіў, што жанчына нібыта з'яўляецца фігуранткай крымінальнай справы аб фінансаванні экстрэмізму. Для пацвярджэння сваёй асобы ён нават даслаў фота падробленага пасведчання.

У размове з жанчынай мужчына даведаўся пра папярэдні званок. Ён запэўніў яе, што гэта былі ашуканцы, якія цяпер возьмуць на яе пашпарт крэдыты. Таму «прадстаўнік КДК» прапанаваў згуляць на апярэджанне: узяць некалькі крэдытаў і перавесці грошы на нейкія рахункі, напісаўшы пры гэтым распіску аб невыдаванні аператыўных мерапрыемстваў.

Махляр угаварыў жанчыну прадаць яе машыну Renault Logan і перавесці грошы на нейкі нібыта бяспечны рахунак. Затым гамяльчанку пераканалі прадаць кватэру. Аднак аператыўна яна зрабіць гэтага не змагла, таму ўзяла пад заклад нерухомасці вялікі крэдыт — усе грошы таксама перавяла на прапанаваны рахунак.

Таксама невядомыя пераканалі жанчыну, што на яе працоўным камп'ютары выяўленая шкоднасная праграма, і яна «для выратавання сродкаў працадаўцы» па парадзе махляроў вывела на нібыта бяспечныя рахункі 78 тысяч рублёў, якія належалі арганізацыі.

Пасля гэтага «прадстаўнік КДК» сказаў жанчыне, што грошы ёй не вернуць. Толькі тады яна расказала пра сітуацыю калегам па працы. Агулам гамяльчанка перавяла ашуканцам блізу 124 тысяч рублёў (37,4 тысяч даляраў).

Следчыя распачалі крымінальную справу па артыкуле аб завалоданні маёмасцю шляхам падману, здзейсненае ў асабліва буйным памеры.

Махляры прыдумалі новы спосаб крадзяжу акаўнтаў у Telegram

Мінчанка паехала на адпачынак і дала ключы ад кватэры сваёй знаёмай. Усё скончылася крымінальнай справай 

Жыхар Гомеля так паверыў махлярам, што не толькі страціў сваю кватэру, грошы ад яе, але і сам пераехаў у здымнае жытло

Nashaniva.com