«Больш, чым проста выбар». Харыс выступіла з ключавой прамовай за тыдзень да галасавання
Віцэ-прэзідэнтка і кандыдатка ў прэзідэнты ЗША Камала Харрыс звярнулася да шматтысячнага натоўпу ў Вашынгтоне са сваёй заключнай вялікай прамовай напярэдадні выбараў, якія пройдуць роўна праз тыдзень, піша Бі-бі-сі.
30.10.2024 / 07:54
Фота: Andrew Harnik / Getty Images
«Добры вечар, Амерыка! — сказала яна ў пачатку выступлення. — Праз тыдзень у вас будзе магчымасць прыняць рашэнне, якое непасрэдна паўплывае на вашае жыццё, жыццё вашых сем'яў і будучыню гэтай краіны, якую мы любім».
Паводле яе слоў, будучыя выбары — гэта «больш за проста выбар паміж дзвюма партыямі і двума рознымі кандыдатамі».
«Гэта выбар пра тое, ці будзе ў нас краіна, заснаваная на свабодзе для кожнага амерыканца, або будзе кіравацца хаосам і разладам, — дадала Харрыс. — Прыйшоў час для новага пакалення амерыканскіх лідараў».
Месца правядзення мітынгу было выбрана невыпадкова — яно знаходзіцца побач з Белым домам і вядомае як парк Элліпс. Там 6 студзеня 2021 года яе супернік на выбарах, рэспубліканец Дональд Трамп, выступаў перад сваімі прыхільнікамі перад тым, як некаторыя з іх рушылі штурмаваць Капітолій.
Паводле слоў Харрыс, Трамп «стаяў на гэтым самым месцы амаль чатыры гады таму і накіраваў узброены натоўп да Капітолія, каб адхіліць волю народа на свабодных і сумленных выбарах, ведаючы, што ён прайграў іх».
«Гэта чалавек нестабільны, апантаны помстай, ахоплены крыўдай і прагны да неабмежаванай улады», — дадала яна. Паводле ацэнак штаба Харрыс, на мітынгу сабралася больш за 75 тысяч чалавек.
Пакуль Харыс выступала ў Вашынгтоне, Дональд Трамп праводзіў перадвыбарчы мітынг у горадзе Алентан у Пенсільваніі — адным з ключавых вагальных штатаў, у якіх будзе вырашацца зыход прэзідэнцкіх выбараў.
«Ці жывяце вы цяпер лепш, чым чатыры гады таму?» — пачаў сваё выступленне былы прэзідэнт, паўтарыўшы свае абяцанні знізіць інфляцыю і «спыніць уварванне» мігрантаў у ЗША, калі ён вернецца ў Белы дом. Натоўп загудзеў «не».
«Камала нас зганьбіла, — заявіў ён. — У наступны аўторак вы павінны ўстаць і сказаць Камале, што з вас хопіць, што больш вы гэтага цярпець не збіраецеся».
Трамп ужо правёў маштабны мітынг у мінулую нядзелю — ён выступіў на знакамітай арэне Медысан-сквер-гардэн у самым цэнтры Манхэтэна, куды яго прыйшоў падтрымаць мільярдэр Ілон Маск і іншыя знакамітасці.
Не абышлося без скандалу — падчас выступлення на мерапрыемстве комік Тоні Хінчкліф назваў Пуэрта-Рыка «плывучым востравам смецця», чым выклікаў крытыку з боку рэспубліканцаў і дэмакратаў.