70-гадовага былога палітвязня будуць судзіць за «распаўсюд экстрэмізму»

Аляксандр Патапаў з вёсцы Хатоля Віцебскай вобласці быў затрыманы напрыканцы жніўня 2022 года ў межах крымінальнай справы за абразу Лукашэнкі ў каментарах у «Аднакласніках».

30.10.2024 / 14:52

Мужчына паходзіць з Украіны. Падчас ракетнага абстрэлу Кіева загінула пляменніца Аляксандра, а ейная трохгадовая дачка была сур'ёзна параненая. Пасля гэтага, знаходзячыся пад уплывам эмоцый, 8 і 16 ліпеня 2022 года Патапаў размясціў у сацыяльнай сетцы два каментары, якія экспертыза палічыла «абразлівымі». Пазней мужчыну асудзілі да 2 гадоў калоніі.

Пенсіянер вызваліўся гэтай вясной, цалкам адбыўшы тэрмін. 

Заўтра Патапава будуць судзіць у судзе Віцебскага раёна. Цяпер мужчыну абвінавачваюць у «распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў» (ч. 2 арт. 19.11 КаАП). Судзіць будзе Міхаіл Зубеня, піша «Віцебск, я гуляю».

Nashaniva.com