На Гомельшчыне замест Хэлаўіна будуць святкаваць Вялесаву ноч

Ва ўмовах фактычнай забароны адзначаць папулярныя заходнія святы гомельскія клубы падмяняюць іх расійскімі. Замест Хэлаўіна яны клічуць наведвальнікаў на «Вялесаву ноч», якая пазіцыянуецца як славянскі аналаг гэтага свята, піша «Флагшток».

30.10.2024 / 16:13

Калаж: Аргументы и факты

Вялес у старажытнарускай міфалогіі — гэта «жывёльны бог», заступнік жывёлы, лясоў, сельскай гаспадаркі і магіі.

Паводле тэорыі асноўнага міфа, Вялес — змеепадобны бог, які жыве на Зямлі, антаганіст нябеснага грамабоя Перуна.

Вечарыну ў гонар Вялеса анансавалі, у прыватнасці, гомельскі клуб «Нема» і жлобінскі Relax Club & Exclusive. У гомельскай установе абяцаюць варажбу, магічныя рытуалы, прысутнасць шаманаў, ведзьмаў, лесуноў і русалак, а ў жлобінскім клубе — «самую страшную ноч у годзе» з фотазонай і падарункамі.

У выніку сутнасць застаецца тая ж: папулярызацыя «нячыстай сілы», «зносін з мёртвымі», шанаванне паганскага бога Вялеса.

Скрыншоты старонак клубаў у інстаграме

Ідэя замены гэтага свята «Вялесавай ноччу» прыйшла ў Беларусь з Расіі. Там вечарыны пад такой назвай масава ладзяць замест Хэлаўіна ў школах, што крытыкавалі нават прыхільнікі «рускага свету».

Дарэчы, у некаторых гомельскіх установах, у тым ліку дзіцячых, усё ж маюць намер адзначыць менавіта Хэлаўін, як сказана ў аб'явах. Але афіцыйна свята будзе мець іншыя назвы. Пры гэтым праграмы Хэлаўіна не такія «дэманскія», як у «Вялесавай ночы», — віктарыны, квэсты, танцы.

«Усе атрымалі кухталёў за афармленне». У Брэсце забаранілі Хэлоўін ва ўстановах грамадскага харчавання

Раёнка ў Маларыце правяла апытанку гараджан наконт Хэлаўіна. Сярод апытаных аказаліся ідэолаг, святар, завуч гімназіі

Nashaniva.com