У Кіеве паліцыянты шэсць разоў куплялі паслугі прастытутак — усё дзеля следчага эксперыменту

У рамках расследавання крымінальнай справы супраць меркаваных сутэнёраў, украінскія сілавікі вырашылі максімальна пагрузіцца ў тэму.

30.10.2024 / 16:29

Фота: Нацпаліцыя Украіны

Украінскія сілавікі расследавалі справу аб арганізацыі бардэля, падазраванымі праходзілі грамадзянка Грузіі і дзве ўкраінкі.

Як стала вядома ў судзе, паліцыянты шэсць разоў праводзілі своеасаблівыя следчыя эксперыменты — яны займаліся сэксам з прастытуткамі, піша ТСН.

З верасня па кастрычнік 2022 года прадстаўнік паліцыі падчас следчага эксперыменту тройчы заказваў такія паслугі і заплаціў за гэта 4500 грыўняў (прыкладна 100 даляраў). У лістападзе 2022-га яшчэ адзін прадстаўнік паліцыі скарыстаўся паслугамі прастытутак, заплаціўшы за гэта 1600 грыўняў (каля 40 даляраў).

У студзені 2023 года яшчэ два сілавікі паўдзельнічалі ў такіх следчых эксперыментах, заплаціўшы 2000 і 5000 грыўняў (48 і 120 даляраў).

Пасля гэтага падазраваных у арганізацыі бардэля затрымалі. На судзе жанчыны віну адмаўлялі: яны сцвярджалі, што не былі сутэнёркамі, а толькі займаліся прастытуцыяй. Таксама яны абвінавацілі паліцыю ў помсце: па іх словах, сілавікі прапаноўвалі працаваць на іх, аднак тыя адмовіліся.

Жанчынам у выніку далі па чатыры гады калоніі.

Nashaniva.com