Жыхару Латвіі пагражае ў Беларусі да 10 гадоў калоніі па трох палітычных артыкулах

Пра затрыманне Юрыйса Ганіньша дагэтуль не паведамлялася. Яго імя з'явілася ў раскладзе судоў.

02.11.2024 / 10:30

Від на Друю (Беларусь) з Прыдруйска (Латвія). Ілюстрацыйнае фота з сацыяльных сетак

Юрыйса Ганіньша пачнуць судзіць у Мінскім гарадскім судзе 12 лістапада. Яго абвінавачваюць па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса — «дыскрэдытацыя Беларусі» (арт. 369-1 КК), «паклёп на Лукашэнку» (ч. 2 арт. 367 КК) і «заклікі да санкцый» (ч. 2 арт. 361 КК). Юрыйсу пагражае да дзесяці гадоў калоніі.

Адметна, што па другой частцы артыкула пра заклікі да санкцый судзілі не так шмат людзей. Гучыць фармулёўка артыкула так: «заклікі, звернутыя да замежнай дзяржавы, замежнай або міжнароднай арганізацыі, учыненне дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Беларусі, у тым ліку на прымяненне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненні да Беларусі, фізічных і юрыдычных асоб Беларусі, або распаўсюд матэрыялаў, якія змяшчаюць такія заклікі».

Што дакладна зрабіў латвіец, незразумела — пад такую абстрактную фармулёўку можа падыходзіць што заўгодна. На абсалютнай большасці палітычных працэсаў у Беларусі сутнасць справы застаецца невядомая грамадскасці, па такіх справах нават адвакаты даюць падпіску аб неразгалошванні.

Калі вы ведаеце пра тое, што здарылася, больш, пішыце рэдактару «Нашай Нівы» ў ТГ ці на nivanasha@proton.me. Або любому рэдактару ці журналісту «Нашай Нівы», якога ведаеце асабіста.

Масавыя палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца з 2020 года. Тады Аляксандр Лукашэнка, мяркуючы па інфармацыі з участкаў, дзе падлік галасоў ішоў у прысутнасці незалежных назіральнікаў, прайграў Святлане Ціханоўскай, але не аддаў улады.

Рэпрэсіі пачаліся з лідараў апазіцыі і вулічных пратэстаў, а паступова распаўсюдзіліся на новыя і новыя слаі.

Па інфармацыі праваабаронцаў, за 2020—2024 гады было заведзена больш за 19 тысяч крымінальных спраў «экстрэмісцкай скіраванасці», гэта значыць, палітычнага характару. Па многіх крымінальных справах праходзяць шматлікія фігуранты.

Згодна з інфармацыяй Паўла Латушкі, прадстаўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета, з 2020 года рэпрэсіі закранулі 136 тысяч чалавек. Некалькі соцень тысяч беларусаў вымушаныя былі пакінуць краіну.

За шпіянаж арыштавалі грамадзянку Літвы Алену Раманаўскене

У Вільні шукаюць людзей, гатовых за грошы шпіёніць за літоўскімі спецслужбамі і здымаць акцыі беларусаў

Стала вядома, у чым вінавацяць дыджэя з Кобрына з украінскім пашпартам. Ён знік больш за год таму

Nashaniva.com