У Мінску суд прайшоў на сцэне

Што праўда, гэта была непалітычная справа і не справа, звязаная з ваенкаматам.

31.10.2024 / 08:35

Пад старшынствам суддзі Першамайскага раёна Максіма Трусевіча адбылося выязное пасяджэнне — разгледжана крымінальная справа ў дачыненні 36-гадовага мінчука, якога абвінавачвалі ў атрыманні хабару. Выязное пасяджэнне прайшло на сцэне раённай адміністрацыі, паведамляюць «Мінск-Навіны».

На пасяджэнне былі запрошаны прадстаўнікі дзяржаўных арганізацый Першамайскага раёна. Абвінавачаны сядзеў у першым шэрагу.

Па версіі следства, мінчук з лютага 2012 года працаваў на кіруючай пасадзе на адным з камунальных прадпрыемстваў сталіцы і быў службовай асобай, якая выконвала арганізацыйна-распарадчыя і адміністрацыйна-гаспадарчыя абавязкі. Яму было вядома, што паміж яго арганізацыяй і адным з таварыстваў з абмежаванай адказнасцю была заключана дамова будаўнічага падраду, паводле якога прадстаўнікі ТАА выконвалі работы на іх аб’ектах.

Аднойчы ў жніўні 2023 года абвінавачаны дамовіўся з дырэктарам ТАА аб атрыманні ад яго хабару за тое, што будзе своечасова і бесперашкодна візаваць акты здачы-прыёмкі выкананых будаўнічых і мантажных работ на аб’ектах без належнай праверкі аб’ёмаў і якасці іх выканання, садзейнічаючы тым самым своечасовасці разлікаў.

З канца жніўня па кастрычнік 2023 года ён завізаваў тры такія акты, якія ўтрымлівалі недакладныя (завышаныя) звесткі пра аб'ёмы і кошт выкананых работ, за што ў сваім кабінеце атрымаў ад дырэктара ТАА хабар 2 000 рублёў, сцвярджае следства.

На судовым пасяджэнні мужчына прызнаў віну, раскаяўся ў зробленым, пацвердзіў, што, падпісваючы дакументы, ведаў, што не ўвесь пералік паказаных работ выкананы ў поўным аб'ёме. Даход, атрыманы злачынным шляхам, ён цалкам добраахвотна пералічыў у даход дзяржавы.

— Абвінавачаны афіцыйна працаўладкаваны, раней да крымінальнай адказнасці не прыцягваўся, — пракаментавала старшая памочніца пракурора Першамайскага раёна Іна Зубко, якая выступала па крымінальнай справе дзяржаўным абвінаваўцам.

У выніку суд пакараў яго двума з паловай гадамі хатняй хіміі і штрафам 500 базавых велічынь (20 000 рублёў), з пазбаўленнем права займаць пасады, звязаныя з выкананнем адміністрацыйна-гаспадарчых і арганізацыйна-распарадчых абавязкаў, на пяць гадоў.

Аднак суд прымяніў амністыю, на падставе чаго вызваліў яго ад пакарання часткова тэрмінам на год.

Nashaniva.com