Як ушанаваць памяць родных, калі не можаш наведаць іх магілы — раяць святары
Сёлета Дзяды адзначаць у адзін дзень і каталікі, і праваслаўныя. Што рабіць тым, хто знаходзіцца на эміграцыі і далёка ад могілак, дзе пахаваныя блізкія?
31.10.2024 / 09:36
Дзмітрыеўская бацькоўская субота ў праваслаўных у 2024 годзе прыпадае на тую ж дату, што і Дзень памяці памерлых у каталікоў — 2 лістапада. У беларусаў гэтае свята мае народную назву «Дзяды» і да 1998 года яно было выходным, а затым было адмененае ўказам Лукашэнкі, піша katolik.life.
У гэты дзень (у каталікоў таксама — 1 лістапада, урачыстасць Усіх святых) прынята наведваць магілы сваіх блізкіх, каб ушанаваць іх памяць і памаліцца аб вечным жыцці для іх.
Напярэдадні гэтых дат прынята наводзіць парадак на магілах блізкіх: рабіць уборку, абнаўляць кветкі. Але як паступіць тым, хто па розных прычынах апынуўся далёка ад магіл сваіх родных і не можа іх наведаць? Парадамі падзяліліся каталіцкія святары.
Па словах аднаго з іх, можна пасачыць за любой чужой закінутай магілай на могілках таго горада, дзе чалавек жыве цяпер:
«Гэта будзе вельмі добрым учынкам і выразам памяці пра нашых блізкіх, якія чакаюць Уваскрашэння», — параіў сваім парафіянам пробашч у Вільні.
Святар, які апякуе адну з беларускіх суполак у Польшчы, адзначыў, што выразам любові да бліжняга служыць таксама клопат пра іншых беларусаў, магілы якіх ужо няма каму наведваць з іх родных, і малітва за іх:
«Таму, нават калі мы жывем у месцы, дзе няма пахаванняў нашых сваякоў, мы можам наведаць прынамсі магілы тых людзей, якія блізкія нам па нацыянальнай прыкмеце».
У выпадку, калі ў акрузе няма магіл суайчыннікаў — гістарычных асоб, то аб'ектам клопату могуць стаць, напрыклад, воінскія пахаванні савецкіх або іншых салдат, альбо любыя магілы, якія патрабуюць навядзення парадку.
Але самае галоўнае — малітва. У клопаце пра сваіх блізкіх памерлых варта падаць запіску ў тым храме, які вы наведваеце, замовіць інтэнцыю святой імшы пра іх, ахвяраваць індульгенцыю.