Прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек, у тым ліку японца і ўкраінцаў
31 кастрычніка праваабаронцы прызналі палітвязнямі яшчэ 9 чалавек. Агульная колькасць людзей, якія на сёння з'яўляюцца ў Беларусі палітвязнямі, складае 1301 чалавек.
31.10.2024 / 16:24
У спіс палітзняволеных былі дададзеныя наступныя прозвішчы:
Вадзім Наўцэня, Андрэй Субцэльны, Сяргей Кабарчук, Павел Кабарчук, Людміла Дайнека, Вольга Радзівонава, Данііл Палянскі, Аляксандр Судніковіч, Наканісі Масатосі.
Хто гэтыя людзі і чаму праваабаронцы лічаць іх справы палітычна матываванымі, можна даведацца тут.
Спіс усіх палітвязняў Беларусі — тут.
У ліку новапрызнаных палітвязняў — затрыманы ў верасні па падазрэнні ў шпіянажы выкладчык Гомельскага дзяржуніверсітэта, грамадзянін Японіі Масатосі Наканісі, а таксама кантрабандысты з Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, якім нядаўна прысудзілі па 20 гадоў зняволення.
Усяго на гэты момант палітвязнямі, паводле ацэнак праваабаронцаў, прызнаныя 1301 чалавек. Апошнім часам агульная іх колькасць істотна не расце і нават часам змяншаецца. Але гэта не таму, што рэпрэсіі ў Беларусі меншаюць, — проста паралельна з новымі выпадкамі зняволення па крымінальных справах ідзе працэс вызвалення тых асуджаных, хто цалкам адбыў свой тэрмін. Таксама суды некаторым прысуджаюць «хатнюю хімію», пасля чаго чалавек выходзіць з турэмных сцен, таму больш не лічыцца вязнем.
Варта таксама ўлічваць, што ў статыстыку ўваходзяць далёка не ўсе, хто знаходзіцца ў зняволенні з палітычных прычын, рэальная колькасць беларускіх палітвязняў нашмат большая. Пра вельмі многіх праваабаронцам проста нічога не вядома.
Сілавікі ўчора зноў затрымлівалі Ніну Багінскую
Былога палітвязня з Баранавічаў судзяць са жніўня — яму пагражае да 12 гадоў калоніі
Стала вядома, за што будуць судзіць кіраўніка ліквідаванай партыі «Зялёныя» Дзмітрыя Кучука
Журналіста Ігара Ільяша перавялі ў СІЗА ў Калядзічы