Нямецкая міністарка прапанавала накіраваць на польска-беларускую мяжу міжнародныя сілы

Накіраваць на мяжу з Беларуссю сілы Еўрапейскай службы памежнай і берагавой аховы (Frontex) прапанавала міністарка ўнутраных спраў і мясцовых супольнасцяў Германіі Нэнсі Фэзер падчас візіту ў Польшчу 30 кастрычніка, піша «Позірк». Паводле чыноўніцы, у склад місіі можа ўвайсці вялікая колькасьць нямецкіх паліцыянтаў.

31.10.2024 / 21:36

Кіраўніца МУС Германіі Нэнсі Фэзер на польска-беларускай мяжы. Фота: МУС Польшчы

«Тут, на знешняй мяжы ЕС, Польшча ўносіць важны ўнёсак ва ўмацаванне бяспекі і скарачэнне нерэгулярнай міграцыі ў Еўропу», — цытуе Фэзер прэс-служба яе ведамства.

На думку міністаркі, дапамагчы барацьбе з нелегальнай міграцыяй закліканая агульная еўрапейская палітыка надання прытулку, якая павінна быць укаранёная на працягу двух гадоў да чэрвеня 2026 года. Яна прадугледжвае, у прыватнасці, больш справядлівае размеркаванне бежанцаў у Еўропе, пачатак працэдуры надання прытулку найменш абароненым катэгорыям ўжо на мяжы, мінімальныя стандарты прыёму, утрымання і забеспячэння тых, хто шукае прытулку ў ЕС.

Фэзер адзначыла, што з сярэдзіны верасня паліцыя Германіі кантралюе ўсе наземныя межы краіны.

«Разам мы хочам яшчэ больш скараціць нерэгулярную міграцыю, спыніць кантрабандыстаў, пакласці канец злачыннасці, прэвентыўна выяўляць ісламістаў. Гэтая мэта аб'ядноўвае нас — як і меры, якія мы прымаем сумесна ў многіх месцах», — сказала нямецкая міністарка ў Польшчы.

Паводле звестак нямецкай паліцыі, за 9 месяцаў 2024 года зафіксавана 64 292 спробы нелегальнага ўезду ў Германію, у тым ліку 6 921 — у верасні. У параўнанні з аналагічным леташнім перыядам напружанасць знізілася: было адпаведна 92 128 і 21 375 спробаў (больш у 1,4 і 3,1 разы).

Дуда: Мы вяртаем жалезную заслону на мяжы з Беларуссю і Расіяй, хоча таго Захад ці не

У Польшчы раскрылі сетку па дастаўцы мігрантаў у Еўрасаюз праз Беларусь

ЕС узмоцніць кантроль на мяжы з Беларуссю і Расіяй

Прэм'ер Польшчы заявіў, што ў ЕС разумеюць яго міграцыйную палітыку

Nashaniva.com