Памёр паэт і кампазітар Алег Жукаў

Беларускі паэт і кампазітар, аўтар хіта «Людзі сустракаюцца» Алег Жукаў памёр ва ўзросце 87 гадоў. Пра гэта паведаміла аўтарка і музыказнаўца Вольга Брылон у фэйсбуку.

01.11.2024 / 07:50

«31 кастрычніка, пайшоў з жыцця ветэран беларускай эстрады, выдатны паэт-песеннік, аўтар слоў дзясяткаў нашых любімых песень Алег Уладзіміравіч Жукаў. Яму было 87 гадоў. Яшчэ адна незаменная страта для Беларусі», — напісала Брылон.

За сваё жыццё Алег Жукаў напісаў больш за 300 песень для расійскіх і беларускіх эстрадных выканаўцаў. Ён актыўна супрацоўнічаў і сябраваў з народным артыстам Расіі Юрыем Антонавым, піша «Люстэрка».

Сярод яго вядомых твораў — гімны музычных фестываляў «Славянскі базар», «Залаты шлягер», конкурсу «Тэлевяршыня». Таксама сярод найбольш вядомых яго песень «Людзі сустракаюцца», «Аб добрых малайцах», «Наташка».

На сайце паэта адзначаецца, што песеннай творчасцю ён займаўся са школьных гадоў, а на прафесійным узроўні — з 1967 года (са з'яўленнем першых песень, напісаных сумесна з Юрыем Антонавым, і працай вакалістам-інструменталістам у ВІА «Тоніка» Віктара Вуячыча (1967-1971).

Nashaniva.com