Школьнікаў са Смаргонскага раёна звазілі з экскурсіяй на Акрэсціна

«Пашанцавала» на асенніх канікулах дзевяцікласнікам Сольскай сярэдняй школы. Яны наведалі на Акрэсціна прыёмнік-размеркавальнік для непаўналетніх.

01.11.2024 / 08:26

Дзяцей правялі па спецустанове і распавялі, як жывуць і чым займаюцца дзеці па той бок плота, паведамляе выданне «Светлы шлях».

Сюды трапляюць непаўналетнія, затрыманыя за дробныя правапарушэнні: распіццё спіртных напояў, крадзеж, хуліганства, знаходжання на вуліцы пасля 23.00 без суправаджэння дарослых, а таксама дзеці з нешчаслівых сем'яў, дзеці-сіроты.

Але ёсць і тыя, якія не дасягнулі ўзросту адказнасці (да 14 гадоў).

У прыёмніку-размеркавальніку яны знаходзяцца не больш за месяц, тут чакаюць суда і адпраўкі ў іншыя спецПТВ на перавыхаванне.

У гэтай спецустанове свой распарадак дня: а 8.00 — пад'ём, адбой — а 22.00. З раніцы дзеці вучацца, затым адпачываюць. У дзяцей ёсць кнігі і невялікая бібліятэка.

Бацькам дазволена наведванне дзяцей, можна стэлефаноўвацца з бацькамі па тэлефоне, калі дзеці гэта заслужылі. А таксама бацькі могуць дасылаць перадачы для сваіх дзяцей.

«У памяшканнях стаяць відэакамеры. Дзвярэй няма, але ёсць краты — быццам напамін пра турму. Пабываўшы ў такім месцы, я думаю, што некаторыя задумаліся і зрабілі ці зробяць выснову для сябе: дзе лепш — тут ці там?» — задаецца пытаннем карэспандэнт «Светлага шляху».

Nashaniva.com